ша́йба, ‑ы, ж.
1. Падкладка пад гайку ці плешку шрубы ў выглядзе плоскага кольца. Латунная шайба. Гумавая шайба. □ На якарныя балты проста надзя[ва]юць шырокія шайбы, прышрубоўваюць іх гайкамі, і на гэтым мацаванне заканчваецца. Чаркасаў.
2. Спец. Спартыўная прылада ў выглядзе гумавага ці пластмасавага плоскага дыска для гульні ў хакей. Скончылася лета, футбольны мяч ідзе на адпачынак, і настае чарга клюшкі. Ганяць шайбу можна дзе хочаш. Няхай.
[Ням. Scheibe.]
ша́йка, ‑і, ДМ шайцы, ж.
Разм. Група людзей, якія ўчыняюць разбой, злачынствы; банда. Шайка бандытаў. □ Гэта была шайка паліцаяў, якія, баючыся атрымаць належную плату за сваю службу немцам, цяпер туляліся па цёмных кутках. Васілевіч. // Неадабр. Пра кампанію людзей, аб’яднаных агульнымі інтарэсамі, учынкі і паводзіны якіх асуджаюцца грамадскасцю. Шайка жулікаў. □ Поп, земскі начальнік, прыстаў, спраўнік, гэта, брат, — усё адна шайка. Колас.
[Ад латыш. šaika — шмат народу.]
шаймо́ры, ‑аў; адз. няма.
Абл. Перамёрзлая бульба, якая праляжала ў зямлі ўсю зіму. А каб выжыць, Мы з братам удвух Усю весну Шайморы збіралі. І была даражэй серабра Тая бульба гнілая на полі. Карызна. Успомнім хоць бы словы Н. Гілевіча пра шайморы — перамёрзлую бульбу з адталага бульбянішча, якая ў першую пасляваенную вясну здавалася малалеткам найлепшым прысмакам (паэма «Сто вузлоў памяці»). Лойка.
шайта́н, ‑а, м.
1. У рэлігійным уяўленні мусульман — злы дух, сатана. [Дзед Ігнат:] — А пані была дзіўная. Ні то што дзіўная, а, не проці ночы кажучы, шайтан шайтанам, з нячыстай сілай была ў вялікім сваяцтве. Лынькоў. // Ужываецца як лаянкавае слова. Нездарма я ганяўся за .. [Арліцай] больш тыдня, пакуль не гаманіў у пастку. Затое і дрэсіраваць яе цяжка. Не паддаецца, шайтан. Беразняк.
2. Родавы дух, татэм у народаў Поўначы і Сібіры.
[Араб.]