Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шпа́га, ‑і, ДМ шпазе, ж.

Халодная колючая зброя, галоўнай часткай якой з’яўляецца прамы вузкі і доўгі клінок трохграннай, чатырохграннай або шасціграннай формы. Рыцарская шпага.

•••

Скрыжаваць шпагі гл. скрыжаваць.

[Ад іт. spada.]

шпагаглыта́льнік, ‑а, м.

Артыст цырка, які паказваў фокус з глытаннем шпагі.

шпага́т, ‑у, М ‑гаце, м.

1. Тонкая вяроўка, скручаная або спрадзеная з некалькіх ніцей, якая прымяняецца для звязвання, сшывання, упакоўкі. У сумцы.. пакунак, загорнуты ў цёмна-шэрую ўпаковачную паперу і перавязаны шпагатам. Машара. Леў Раманавіч моўчкі сабіраў кнігі, перавязваў іх шпагатам. Асіпенка.

2. У спорце — фігура ў гімнастыцы, пры якой гімнаст садзіцца, выцягваючы ногі да поўнага датыкання іх да падлогі, так што яны ўтвараюць адну прамую лінію.

[Ням. Spagat.]

шпага́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шпагату (у 1 знач.), служыць для вырабу шпагату. Шпагатная фабрыка. Шпагатнае валакно. Шпагатная шпуля.

шпага́ціна, ‑ы, ж.

Кавалак шпагату. Савасцей Мікітавіч вынес пеўня на балкон і прывязаў яго за нагу доўгай шпагацінай. Пянкрат.

шпа́жнік, ‑у, м.

Тое, што і гладыёлус.

шпа́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да шпагі, прызначаны для яе. Шпажныя ножны. Шпажны эфес.

2. Звязаны з боем, фехтаваннем на шпагах. Шпажны паядынак. // Прызначаны для фехтавання на шпагах. Шпажныя пальчаткі.

шпажы́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Спартсмен, спецыяліст па фехтаванню на шпагах. Адбыліся фіналы камандных спаборніцтваў шпажыстаў. «Звязда».

шпак, ‑а, м.

Пералётная пеўчая птушка атрада вераб’іных з чорным апярэннем. З бярозы на бярозу кулямі перашмыгваюць чорныя, як у сажы ўсе, шпакі. Мурашка.

шпаклёвачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шпаклёўкі. Шпаклёвачныя работы. // Які прызначаецца, служыць для шпаклёўкі. Шпаклёвачны састаў. Шпаклёвачная маса.