Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шпо́каць, ‑ае; незак.

Разм. Падаючы, стукаючыся аб што‑н., утвараць кароткі глухі гук. І жалуды, што ападалі з дубоў, часта шпокалі на дол — гэта таксама запомнілася Лугавому. Даніленка. Бывала, калі ўсе [залатыя яблыкі] зараз паспеюць І шпокаць, спелыя, пачнуць на грады — Звон залаты стаіць на ўсю краіну. Сіпакоў. Тут-там абрываліся і гулка шпокалі па лапушыстай лістоце арэшніку кроплі расы. Калодзежны. // Разрывацца (пра кулі). Нават чуваць было, як шпокалі аб зямлю разрыўныя кулі. Сабаленка.

шпо́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Аднакр. да шпокаць.

2. каго. Разм. Забіць, застрэліць.

шпо́на, ‑ы, ж.

Спец.

1. Аднаслаёвая, няклееная фанера, якая ідзе на выраб клеенай фанеры, на фанераванне і пад. Рабочыя пры дапамозе вялізных нажніц разразаюць драўлянае палатно на кавалкі пэўнай велічыні. Гэтыя асобныя лісты тонкай драўніны называюцца шпонамі. «Беларусь».

2. У друкарскай справе — металічная пласцінка, якая служыць для павелічэння інтэрвалу паміж радкамі ў наборы. Дзяжурны павінен сядзець каля друкарскай машыны і сачыць, каб не палезлі шпоны, не з’ехала клішэ, бо друкар адзін не ўгледзіць за ўсім. Гаўрылкін.

[Ад ням. Span — трэска.]

шпо́начны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да шпонкі; прызначаны для шпонкі. Шпоначная канаўка. // Звязаны з прымяненнем, выкарыстаннем шпонкі. Шпоначнае злучэнне.

шпо́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Спец.

1. Дэталь у якім‑н. механізме, машыне і пад., якая засцерагае ад узаемнага перамяшчэння злучаных ёю частак.

2. У рыбнай прамысловасці — драўляны пруток або палачка, якая засоўваецца ў рыбу праз рот удоўж цела.

[Польск. szponka ад ням. Span.]

шпо́ра, ‑ы, ж.

1. Сагнутая на форме абцаса металічная дужка з зубчастым або гладкім кольцам, якая прымацоўваецца да задняй часткі бота наезніка і служыць для лепшага кіравання канём. Стражнік пахіснуўся на сядле, .. сціснуў шпорамі бакі каня. Мурашка.

2. Цвёрды завостраны рагавы выступ на нагах самцоў некаторых птушак, які служыць ім зброяй пры абароне ці нападзенні. [Певень] быў маладзец у поўным сэнсе гэтага слова — плечы і крылы яго адлівалі золатам, .. а на нагах красаваліся шпоры. Крапіва. Сораму — як у пеўня мяса па шпорах. З нар.

3. Спецыяльна зроблены для лепшага счэплівання з грунтам выступ або шып на вобадзе вядучага кола ці на звеннях гусеніц трактара.

[Ад ням. Sporn.]

шпо́рац, ‑рца, м.

Тое, што і шпорка.

шпо́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Выраст каля асновы кветкі некаторых раслін, у якім знаходзіцца нектар. Шпорка кветкі.

шпо́рнік, ‑у, м.

Тое, што і рагулька (у 4 знач.).

шпо́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак., каго.

Удараць шпорамі па баках каня, каб прымусіць яго хутчэй бегчы. Шпорыць каня.