Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шнапс, ‑у, м.

Разм. Гарэлка. — Вы [Шмульке] не хапілі сягоння часам добрую шклянку шнапсу? — Што вы, пан камендант! Я ніколі не п’ю гарэлкі. Лынькоў.

[Ням. Schnaps.]

шнар, ‑а, м.

Разм. Тое, што і шрам. Алесь закасаў рукаў і моцна пацёр запясці. На ім выступіў ледзь прыкметы шнар. Караткевіч.

шна́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.

Разм. Шукаць навобмацак. Той [чалавек] ужо сам шнарыў рукою па комінку. Чорны. У вузкім пакойчыку на другім паверсе гаспадар падаў госцю крэсла, а сам зняў пінжак, павесіў яго ў шафу і пачаў заклапочана шнарыць у тумбачцы. Брыль. // Заходзіць, заглядваць у розныя месцы, шукаючы каго‑, што‑н. Немцы шнарылі па лесе, шукалі партызан у вёсках, а знайсці не маглі. Васілеўская. [Казуля] амаль не адыходзілася ад Алёшкі, бегала за ім па хаце, а калі часамі заставалася адна, то шнарыла па ўсіх закутках, шукала свайго апекуна. Ляўданскі.

•••

Шнарыць вачамі — пільна ўглядацца; шукаць позіркам.

шні́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Разм. Тое, што і снітка.

шні́цэль, ‑ю, м.

Тонкая адбіўная ці рубленая катлета. Натуральны шніцэль. □ Сашка, відаць, чакаў вострага слова ад хлопцаў і хутчэй за ўсіх пастараўся з’есці свой шніцэль. Гроднеў.

[Ням. Schnitzel.]

шнур, а́, м.

1. Тонкая вяровачка, звітая з некалькіх кручаных нітак ці некалькіх пасмаў. Аднойчы, калі Люся з маці развешвалі на шнуры ля палаткі бялізну, .. [кухар] нячутна падышоў да іх. Даніленка. Палазок кінуўся на афіцэра, схапіў яго за рукі і скруціў іх шнурам ад кабуры нямецкага рэвальвера. Колас. // Тонкая вяровачка, звычайна каляровая, якая служыць для ўпрыгожання чаго‑н. Ўсе леснікі былі ўжо ў зборы У лепшым стражніцкім уборы: У новых куртках са шнурамі, А на грудзінах са знакамі. Колас. // Рыбалавецкая снасць у выглядзе доўгай вяроўкі з кручкамі. Каля шалаша Віктар у вялікім медным рондлі гатаваў над агнём юху. Нанач яны з Мінам Міхайлавічам паставілі нажыўлены жыўцамі шнур, а раніцай знялі з дзесятак акунёў і два невялікія самы. Краўчанка. Тут [на рэчцы] лавіліся добрыя акунькі, траплялі шчупакі на шнур. Лынькоў.

2. У цесляроў — вяроўка, звычайна намазаная мелам або вугалем, для адбівання прамой лініі, разбіўкі, трасіроўкі і пад. Жанчыну так і цягне на двор, да новага зруба. І яна бяжыць — то набраць з-пад сякеры пахучых смалістых трэсак, то патрымаць чорны шнур, якім адсякаюць прамую лінію пад чэс. Хадановіч.

3. Электрычны провад, які складаецца з некалькіх ізаляваных жыл. [Маці] кідаецца да разеткі, вырывае шнур. — Ты толькі пабач! — звяртаецца яна да бацькі. — Не дзяўчынка, а нешта неверагоднае! Гарбук.

4. Чарада (птушак). Лета ад нас адлятае, За небакрай адлятае. Шнурамі гусей крыклівых, Чародамі тлустых шпакоў. Жычка. І заўтра ўдваіх яны [Лявон з сяброўкай], можа, Не ўбачаць у ранішні час, Як сонца ўзыходзіць прыгожа, Як шнур жураўліны ад нас, Кідаючы кліч сумнаваты, На цёплыя воды ляціць... Бялевіч. // Шэраг аднародных прадметаў, размешчаных адзін за адным. Доўгі шнур падвод на момант затрымаўся, пасля пярэдняя завярнула на аб’езную сценку. Гартны.

5. Вузкая палоска зямлі. Асабліва кідаецца ў вочы сваёй убогасцю ярына па вузкіх шнурах, што падымаюцца на пясчаныя ўзгоркі і, дабегшы да сярэдзіны, хаваюцца па другі бок іх. Колас. Зрэдку паводдаль ад вёсак кавалкі поля, падзеленага на шнуры. Гэта аднаасобніцкая зямля. Галавач.

•••

Вогнеправодны (бікфордаў) шнур — вяроўка ці тоўстая нітка з порахам унутры, якая служыць для перадачы іскры зараду.

[Ням. Schnur.]

шнурава́льны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які прызначаецца, служыць для шнуравання. Шнуравальная машына.

шнурава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. шнураваць.

шнурава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад шнураваць.

шнурава́цца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; незак.

1. Шнуруючы, зацягваць на сабе што‑н.

2. Зал. да шнураваць.