шнапс, ‑у, м.
Разм. Гарэлка. — Вы [Шмульке] не хапілі сягоння часам добрую шклянку шнапсу? — Што вы, пан камендант! Я ніколі не п’ю гарэлкі. Лынькоў.
[Ням. Schnaps.]
шнар, ‑а, м.
Разм. Тое, што і шрам. Алесь закасаў рукаў і моцна пацёр запясці. На ім выступіў ледзь прыкметы шнар. Караткевіч.
шна́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.
Разм. Шукаць навобмацак. Той [чалавек] ужо сам шнарыў рукою па комінку. Чорны. У вузкім пакойчыку на другім паверсе гаспадар падаў госцю крэсла, а сам зняў пінжак, павесіў яго ў шафу і пачаў заклапочана шнарыць у тумбачцы. Брыль. // Заходзіць, заглядваць у розныя месцы, шукаючы каго‑, што‑н. Немцы шнарылі па лесе, шукалі партызан у вёсках, а знайсці не маглі. Васілеўская. [Казуля] амаль не адыходзілася ад Алёшкі, бегала за ім па хаце, а калі часамі заставалася адна, то шнарыла па ўсіх закутках, шукала свайго апекуна. Ляўданскі.
•••
Шнарыць вачамі — пільна ўглядацца; шукаць позіркам.