Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шнур, а́, м.

1. Тонкая вяровачка, звітая з некалькіх кручаных нітак ці некалькіх пасмаў. Аднойчы, калі Люся з маці развешвалі на шнуры ля палаткі бялізну, .. [кухар] нячутна падышоў да іх. Даніленка. Палазок кінуўся на афіцэра, схапіў яго за рукі і скруціў іх шнурам ад кабуры нямецкага рэвальвера. Колас. // Тонкая вяровачка, звычайна каляровая, якая служыць для ўпрыгожання чаго‑н. Ўсе леснікі былі ўжо ў зборы У лепшым стражніцкім уборы: У новых куртках са шнурамі, А на грудзінах са знакамі. Колас. // Рыбалавецкая снасць у выглядзе доўгай вяроўкі з кручкамі. Каля шалаша Віктар у вялікім медным рондлі гатаваў над агнём юху. Нанач яны з Мінам Міхайлавічам паставілі нажыўлены жыўцамі шнур, а раніцай знялі з дзесятак акунёў і два невялікія самы. Краўчанка. Тут [на рэчцы] лавіліся добрыя акунькі, траплялі шчупакі на шнур. Лынькоў.

2. У цесляроў — вяроўка, звычайна намазаная мелам або вугалем, для адбівання прамой лініі, разбіўкі, трасіроўкі і пад. Жанчыну так і цягне на двор, да новага зруба. І яна бяжыць — то набраць з-пад сякеры пахучых смалістых трэсак, то патрымаць чорны шнур, якім адсякаюць прамую лінію пад чэс. Хадановіч.

3. Электрычны провад, які складаецца з некалькіх ізаляваных жыл. [Маці] кідаецца да разеткі, вырывае шнур. — Ты толькі пабач! — звяртаецца яна да бацькі. — Не дзяўчынка, а нешта неверагоднае! Гарбук.

4. Чарада (птушак). Лета ад нас адлятае, За небакрай адлятае. Шнурамі гусей крыклівых, Чародамі тлустых шпакоў. Жычка. І заўтра ўдваіх яны [Лявон з сяброўкай], можа, Не ўбачаць у ранішні час, Як сонца ўзыходзіць прыгожа, Як шнур жураўліны ад нас, Кідаючы кліч сумнаваты, На цёплыя воды ляціць... Бялевіч. // Шэраг аднародных прадметаў, размешчаных адзін за адным. Доўгі шнур падвод на момант затрымаўся, пасля пярэдняя завярнула на аб’езную сценку. Гартны.

5. Вузкая палоска зямлі. Асабліва кідаецца ў вочы сваёй убогасцю ярына па вузкіх шнурах, што падымаюцца на пясчаныя ўзгоркі і, дабегшы да сярэдзіны, хаваюцца па другі бок іх. Колас. Зрэдку паводдаль ад вёсак кавалкі поля, падзеленага на шнуры. Гэта аднаасобніцкая зямля. Галавач.

•••

Вогнеправодны (бікфордаў) шнур — вяроўка ці тоўстая нітка з порахам унутры, якая служыць для перадачы іскры зараду.

[Ням. Schnur.]

шнурава́льны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які прызначаецца, служыць для шнуравання. Шнуравальная машына.

шнурава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. шнураваць.

шнурава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад шнураваць.

шнурава́цца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; незак.

1. Шнуруючы, зацягваць на сабе што‑н.

2. Зал. да шнураваць.

шнурава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

1. што. Сцягваць, злучаючы, змацоўваючы што‑н. шнурам, шнурком. У мяне быў спецыяльны бандаж, які цяпер, ідучы на работу, я шнуравала моцна, да змогі. Савіцкі.

2. што. Працягваючы шнур, счэпліваць, злучаць што‑н.; нанізваць на шнур. Шнураваць кнігу.

3. Разм. Часта хадзіць, ездзіць і пад. узад і ўперад. Зранку да самага вечара шнураваў Ёсель па мястэчку, непрыкметна заходзіў то да аднаго, то да другога, так што і заўважыць яго было трудна. Колас. Кандрат Сенька, які ў час гутаркі паволі шнураваў ад парога да шафы, раптам крута спыніўся каля стала. Паслядовіч.

шнуравы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да шнура, зроблены з яго. Шнуравая праводка злектрычнасці. Шнуравое пакрыццё. Шнуравыя рамяні. // Прызначаны для шнура. Шнуравыя ніткі. Шнуравое валакно.

2. Змацаваны, сцягнуты шнурам; прашнураваны. Шнуравы сшытак.

•••

Шнуравая кніга гл. кніга.

шнуро́к, ‑рка, м.

Памянш.-ласк. да шнур (у 1, 4 і 5 знач.); невялікі шнур. [Люда] стаяла ад сонца, у белай вышыванай кофтачцы, зацягнутай чырвоным шнурком, трымала ў руках зялёную галінку. Брыль. На снезе ўбачыш і вузлаваты шнурок слядкоў лісы, якая мышкавала пад ёлкамі. Машара. Набітая на вузкія шнуркі, параскіданыя па розных мясцінах, і разгароджаная межамі, зямля скупа аплачвала працу. Колас.

шнуро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. шнураваць.

2. Р мн. ‑ровак. Шнур або шнурок на якім‑н. адзенні і пад., пэўным чынам размешчаны, працягнуты, а таксама прашнураванае месца. Скрозь слой бруду на блясе цьмяна віднеўся малюнак: бліскучы бот, а побач — чаравік без шнуровак. Карпюк. Шнуроўка колеру зары, Пагляд, што бляск рубінавы, І сарафан агнём гарыць, Каралі — арабініны. Ляпёшкін. // Уст. Частка жаночай сукенкі, якая сцягваецца шнурком; гарсэт. Мураўёўна нізка звесіла галоўку, Бо занадта зацягнулася ў шнуроўку. Багдановіч.