шаве́ц, шаўца, м.
Майстар па шыццю і рамонту абутку. Шаўцу заказчык боты заказаў І ў тэрмін да яго ў майстэрню завітаў. Корбан. — Куды ты, Андрэй? — запытала ў яго маці. — У камору. Кавалак скуры там быў. Боты трэба шаўцу занесці, няхай падладзіць, а то перады рвуцца. Чарнышэвіч.
шаве́цкі, ‑ая, ‑ае.
Звязаны з шыццём і рамонтам абутку; які служыць для шыцця і рамонту абутку. Шавецкая справа. Шавецкі варштат. □ Зранку пасля паверкі Лазар ішоў пад канвоем у турэмную шавецкую майстэрню шыць і рамантаваць абутак. Колас. Гарасім дастаў з шуфляды стала вялікую шавецкую іголку і даў мне. Якімовіч.
•••
Шавецкая смала гл. смала.
шаве́цтва, ‑а, н.
Рамяство, занятак шаўца. Бацька — бадыль дымаўскі. Зямлі сваёй нават і дзесяціны поўнай не было. Шавецтвам займаўся. Крапіва.
шавіёт, ‑у, М ‑віёце, м.
Лёгкая, мяккая, крыху варсістая шарсцяная ці паўшарсцяная тканіна, якая ідзе на шыццё верхняй вопраткі. Касцюм з шавіёту.
[Англ. cheviot.]
шавіётавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да шавіёту. Шавіётавая вытворчасць. // Пашыты з шавіёту. Убраны ў сіні шавіётавы касцюм і ў сіняй кепцы на галаве, на двор выйшаў Генька. Паслядовіч.
шавіні́зм, ‑у, м.
Ваяўнічы буржуазны нацыяналізм, які прапаведуе выключнасць адной нацыі і пагарду да іншых, распальвае нацыянальную варожасць. Ведучы рашучую барацьбу супраць буржуазнага нацыяналізму і шавінізму, Маркс падкрэсліваў, што сапраўдныя нацыянальныя інтарэсы рабочага класа не толькі не супярэчаць інтарэсам інтэрнацыянальным, а, наадварот, арганічна спалучаюцца з імі. «Звязда».
[Фр. chauvinisme.]
шавіні́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Прыхільнік шавінізму.
шавіні́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Жан. да шавініст.
шавіністы́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да шавінізму, шавіністаў, уласцівы ім. Шавіністычныя погляды. Шавіністычныя лозунгі. □ Капіталізм з яго эксплуатацыяй чалавека чалавекам, з яго шавіністычнай і расісцкай ідэалогіяй, з уласцівым яму маральным упадкам, разгулам спекуляцыі, карупцыі, злачыннасці разбэшчвае грамадства, сям’ю, чалавека. Праграма КПСС.
шавяле́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. шавяліць і шавяліцца.