Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шаша́, ‑ы, ж.

Дарога, мошчаная шчэбенем, пакрытая асфальтам або іншым цвёрдым пакрыццём, прызначаная для руху бязрэйкавага транспарту. З Выбаргскае шашы даносіўся грукат паравіка. Гартны.

ша́шаль, ‑я, м.

Насякомае атрада жукоў, лічынкі якога псуюць скуры, футра, точаць дрэва і пад. Зімою дзяцел у ствале елкі выдзёўб неглыбокае дупло: выбіваў лічынак шашаля. Бяспалы.

ша́шачніца, ‑ы, ж.

1. Квадратная дошка з клеткамі двух колераў для гульні ў шашкі і шахматы.

2. Скрынка для захоўвання шашак, якая з’яўляецца звычайна і шашачнай дошкай. Сабраць шашкі ў шашачніцу.

3. Дзённы матыль з рыжай афарбоўкай крылаў і радамі чорных плям на іх.

ша́шачны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да гульні ў шашкі, звязаны з ёй. Шашачны турнір. □ — А н-ну, хто са мною асмеліцца?.. От глядзіце, я пайшоў! — і.. [загадчык фермы] пасунуў сваю шашку далёка за лінію шашачнага поля. Палтаран. // Прызначаны для гульні ў шашкі. Шашачны столік. Шашачная дошка.

2. Размешчаны так, як размешчаны клеткі аднаго колеру на дошцы для гульні ў шашкі. У шашачным парадку.

ша́шка 1, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

1. Кружок з дрэва, косці, пластмасы (звычайна белага або чорнага колеру), прызначаны для гульні на спецыяльнай дошцы.

2. толькі мн. (ша́шкі, ‑шак). Гульня па пэўных правілах на дошцы з 64, 100, 144 светлых і цёмных клетак кружкамі адпаведнага колеру паміж двума праціўнікамі. Клопікаў пасля вячэры іграў у шашкі са сваім старым дружбаком. Лынькоў.

3. Разм. Пра тое, што мае форму, узор клетак. Рысунак у дробную шашку.

4. Кубік спрасаванага выбуховага рэчыва. Піраксілінавая шашка. Дымавая шашка. □ Падрыўнікі заклалі шашкі, па камандзе падпалілі кароткія бікфордавыя шнуры і адбегліся ў адхон. Краўчанка.

ша́шка 2, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

Халодная зброя ў выглядзе доўгага, злёгку сагнутага клінка (у адрозненне ад шаблі мае не металічныя, а скураныя ножны). Закашляўся Максім, кракнуў, бы гусь, стараста, а ўраднік паправіў ля боку шашку ды разгладзіў далоняй вусы. Каваль.

[Ад кабард. sešxo.]

шашлы́к, ‑у, м.

Страва з кавалачкаў бараніны (радзей ялавічыны, свініны), нанізаных на металічны стрыжань (шампур) і засмажаных разам з кольцамі цыбулі. Тут [на базары] прадаецца і свежае мяса, і гатовыя гарачыя шашлыкі, нанізаныя на дроцікі. В. Вольскі.

[Ад цюрк. sislik.]

шашлы́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да шашлыку, уласцівы яму. Шашлычны гарнір. Шашлычны пах.

2. у знач. наз. шашлы́чная, ‑ай, ж. Сталовая, дзе гатуюць шашлыкі. А ў шашлычнай мае землякі-дружбакі З апетытам, якога не бачыла Ялта, Не смакуючы, знізвалі ўміг шашлыкі. Чэрня.

ша́шні, ‑яў; адз. няма.

Разм.

1. Інтрыгі, падкопы. [Стася] пачала адкрыта гаварыць рыбакам пра .. патаемныя шашні [Бешчата] з бандытамі. Бажко.

2. Любоўныя інтрыгі, сувязі. У сваім мужу Іна расчаравалася і хутка завяла шашні з нейкім Артурам. «ЛіМ».

шашо́к, ‑шка, м.

Драпежны звярок сямейства куніц з каштоўным пушыстым футрам. Звалілася была з шаста і закудахкала курыца. Пасля адразу ж сціхла, як бы яе шашок лапнуў за горла. Шашок часта прыходзіць у хлеў. Пташнікаў. // Футра гэтай жывёліны. Шапка з шашка.

шашы́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Ігрок у шашкі. Усіх шашыстаў дзіцячага дома выклікаў на спаборніцтва Вора Клябанаў. Шыловіч.