Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шал, ‑у, м.

1. Псіхічны стан чалавека, ахопленага вялікім гневам, узбуджэннем; шаленства, раз’юшанасць. Віктар яшчэ болей чырванее; вочы, звужаныя шалам, зыркаюць дзёрзка і нядобра. Савіцкі.

2. Гарэзлівасць, свавольства; гулянка. І сэрца поўняць маладыя сілы, І хмеліць галаву вясновы шал. Бураўкін. Роўныя, як на падбор, былыя дзесяцікласніцы пачыналі шалы ў вадзе, на беразе. Мыслівец. Ад чужога шалу ў галаве круціцца. Прымаўка.

шаламі́ць, ‑ламлю, ‑ломіш, ‑ломіць; незак., каго-што.

1. Ашаламляць, рабіць моцнае ўражанне, прыводзіць у замяшанне. Гэтак шаломіць чалавека раптоўны гром, маланка ў цёмнай ночы, зычны стук гарматы, што знянацку парушае цішу. Гартны.

2. П’яніць, адурманьваць. Піва шаломіць стомленыя галовы, робіцца трохі весялей. Колас.

шала́нда, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Пласкадонная несамаходная баржа, якая служыць для пагрузкі і разгрузкі суднаў, для перавозкі грунту з землечарпальных снарадаў. Выгружаць зямлю з шаланды.

2. На Чорным моры — парусная пласкадонная рыбацкая лодка. Рыбацкія шаланды. □ На новую шаланду рыбакі З уловам невад выбіраюць. Корбан.

[Фр. chaland.]

шалапу́т, ‑а, М ‑пуце, м.

Разм. Легкадумны, пусты чалавек; баламут; свавольнік. [Міхаленя:] — Малады чалавек, калі ты ў асабістым жыцці такі ж шалапут, як быў у гэтым палёце, то дрэнь справы. Алешка. Ці адкрывацца Васілю Раманавічу?.. Асудзіць ці не? А можа палічыць за шалапута і не даверыць сур’ёзных заданняў. Новікаў. І будзе прасвятлелы тварам, Не зведаўшы жыцця пакут, Чакаць свой мяч на тратуары З каленкам збітым шалапут. Вярба.

шалапу́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да шалапут.

шалапу́тнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць шалапутнага. Боўдзілам звалі вяскоўцы Сямёна Кірэйку даўно. Звалі так за яго гультаяватасць, шалапутнасць ды цягу да гарэлкі. Марціновіч.

шалапу́тнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Паводзіць сябе як шалапут; лайдачыць, сваволіць. Не працуе, а шалапутнічае.

шалапу́тны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Легкадумны, дзівацкі, узбаламучаны. Сярэдняя ж сястра Клава гаварыла, што ў Марыі на дні сем пятніц, што яна выскачка, да таго яшчэ шалапутная. Гроднеў. Сыны раслі шалапутныя. Адзін рыбалкай захапіўся, другі — музыкай, трэці — паляваннем, чацвёрты мяняць усё любіў. Жычка.

шалапу́цтва, ‑а, н.

Разм. Уласцівасць шалапутнага; паводзіны, учынкі шалапута. Ледзь-ледзь прымусіла скончыць дзесяць класаў. На працы доўга не заседжваецца, скача з месца на месца, выбірае, дзе менш угінацца трэба... Прычынай такога Ірчынага шалапуцтва Галя лічыла яе прыгажосць. Хомчанка.

шалахво́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Разм. неадабр. Легкадумны чалавек. Балбатуны і шалахвосты не імпанавалі Івану. Новікаў.