шака́л, ‑а, м.
1. Драпежная млекакормячая жывёліна сямейства сабачых, якая харчуецца пераважна мярцвячынай. Сцежкай снягоў тых і дзікіх узлессяў Тур ці шакал Толькі могуць праскочыць. Хведаровіч. Недзе недалёка ў гарах завылі шакалы, вылі тонка і працяжна, нібы плакала малое дзіця... Каваль.
2. перан. Разм. Пра прагнага, драпежнага чалавека. Я чую стогн Афрыкі Каланіяльнай. І гром навальніцы Над Нігерам дальнім; Крык неграў лінчованых За акіянам, Быццё ў эфіры Шакалаў паганых. Танк. Няхай ведаюць гітлераўскія шакалы, што ніякія катаванні і тэрор не зломяць узнятай народнай хвалі супроць нямецкага фашызму. Казлоў.
[Перс.]
шакала́д, ‑у, М ‑дзе, м.
Кандытарскі выраб, які атрымліваецца шляхам перапрацоўкі зерня какавы з цукрам і дабаўленнем розных смакавых і араматычных прыпраў. Плітка шакаладу. □ Раіса аддае.. [жанчыне] свой шакалад і ўгаворвае, што гэта вельмі карысна — падмацавацца ў такі момант шакаладам. Шамякін. // Напітак на малацэ з парашку гэтага вырабу. Пакалыхваючыся ў вагоне яшчэ дзесьці за Варшавай, фон Крубер у гэты час піў цёплы шакалад, праглядаючы свежую берлінскую газету. Шахавец.
[Ісп. chocolade.]
шакала́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.
Разм. Плітка шакаладу. Пасля сказала [дзяўчынка]: — А мне баба Каця прыносіла, як ехала да Генькі, вафлі і дзве шакаладкі. Чыгрынаў.
шакала́днік, ‑а, м.
Той, хто вырабляе шакалад.
шакала́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да шакаладу. Шакаладная маса. Шакаладны парашок. // Які вырабляе шакалад. Шакаладная фабрыка. // Прыгатаваны з шакаладу, з шакаладам. [Цукеркі] былі розных гатункаў і памераў: і плітачкамі — шакаладныя, і доўгія, як сігары, — мятныя, і круглыя, як арэхі. Гамолка.
2. Колеру шакаладу, карычневы. Жанчыны ў просценькіх стракатых уборах і амаль усе ў хустках, мужчыны без кашуль — у саколках і галіфэ, хлопцы і падлеткі найбольш голыя па пояс і шакаладныя ад загару. Карпаў.
шакалі́ны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да шакала, які ўласцівы шакалу. Шакалінае выццё. // Які складаецца з шакалаў. Шакаліная зграя.
шакі́раваны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад шакіраваць.
шакі́равацца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; незак.
Уст. Адчуваць няёмкасць, усхваляванасць ад якога‑н. учынку, выказвання, што парушае правілы прыстойнасці.
шакі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., каго-што.
Бянтэжыць, ставіць у няёмкае становішча каго‑н. сваімі паводзінамі (парушаючы правілы прыстойнасці). Лазарэвіча спярша шакіравалі і фамільярныя, адносіны да яго гэтай прыгожай жанчыны і яе ледзь не блатняцкі жаргон. Паслядовіч.
[Ад фр. choquer.]