шанава́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. шанаваць.
2. Глыбокая павага. [Рыгор:] — Пакінь, пакінь, Зося. Гэта не любоў, не шанаванне, калі чалавек занявольваецца, калі падсякаюцца яго хаценні, мардуюцца жаданні... Гартны.
3. Аказанне, выражэнне ўдзячнасці, гонару, увагі і пад. Пастаяць [жанкі] з вянкамі ў скрусе, На чырвоную звязду Лепшых кветак Беларусі З шанаваннем пакладуць. Астрэйка. [Бобрык:] — А за тое, што вы мне на старасці такое шанаванне зрабілі, яшчэ раз — шчырае дзякуй! Дуброўскі.
•••
Маё (наша) шанаванне — вітанне пры сустрэчы з кім‑н. — Маё шанаванне, — пакланіўся.. [Шчуроўскі] з годнасцю і нават грацыяй. Брыль.
шанава́цца, ‑нуюся, ‑нуешся, ‑нуецца; незак.
1. Быць асцярожным, берагчыся. [Матка:] — А ўсё ж, дачушка, ой як трэба шанавацца! Асабліва цяпер, калі такая распуста па людзях пайшла. Колас. // Разм. Весці сябе прыстойна ў прысутнасці каго‑н. — Чаго ты прыстаеш? — умяшалася Надзя. — Хоць бы чужога чалавека шанаваўся. Мыслівец.
2. Зал. да шанаваць.
шанава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; незак.
1. каго-што. Беражліва адносіцца, берагчы каго‑, што‑н. Наогул трэба адзначыць, што пінгвіны вельмі шануюць і берагуць свае яйкі. Маўр. — Не шануеш ты сябе, Каця, — уздыхнуўшы, сказала Мурашова. Скрыган. Шануй каня дома, а ён цябе ў дарозе. Прыказка. // што. Не даваць расходавацца чаму‑н. дарэмна; трымаць у цэласці. Шанаваць грошы.
2. каго-што. Клапатліва засцерагаць, берагчы ад чаго‑н. І пачаў [Несцер] гаварыць аб маладосці, што трэба шанаваць маладосць, бо старасці клікаць не трэба. Пестрак.
3. каго-што. Адносіцца з пашанай, павагай да каго‑, чаго‑н. Шанаваць народныя традыцыі. □ Стары Крышан шанаваў свайго зяця Рамана за працавітасць, цвярозасць і сумленне. Грахоўскі. Шануюць людзі памяць аб Крылове, аб яго Косціку... Шамякін. // Цаніць; надаваць; вялікае значэнне чаму‑н. Мельнік вельмі шанаваў свой аўтарытэт. Гамолка. // што. Захоўваць што‑н., прытрымлівацца чаго‑н. — Стойце, хлопцы, давай Шанаваць парадак. Колас. [Карпавіч:] — Я хоць і гарачы, а дысцыпліну нашу шаную... Машара. // што. Аддаваць перавагу. Любяць у Грынях кіно — будуць па колькі разоў глядзець; шануюць танцы — да раніцы і старыя і малыя выседзяць. Пташнікаў. Ну а гэты [чалавек] — шанаваў шпаргалку: Слабасць гэтакую меў здаўна. Гілевіч.
4. каго. Песціць. Андрэя Касцяневіча жыццё не вельмі шанавала. Бацька яго загінуў на фронце, а ў маці, акрамя Андрэя, было яшчэ двое малодшых: Барыс і Наста. Чарнышэвіч.
ша́ндра, ‑ы, ж.
Шматгадовая травяністая меданосная расліна сямейства губакветных.
ша́нец, ‑нца, м.
Часовае палявое ўмацаванне ў Расіі ў 17–19 стст.
[Польск. szaniec ад ням. Schanze.]
ша́нкер, ‑у, м.
У выразах: мяккі шанкер — інфекцыйнае венерычнае захворванне; цвёрды шанкер — першае праяўленне захворвання сіфілісам у выглядзе язвы, якая ўзнікае на месцы заражэння інфекцыяй.
[Фр. chancre.]
ша́нкерны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да шанкеру. Шанкерная язва.
шано́ўнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць шаноўнага (у 1 знач.).
шано́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Дастойны павагі, паважаны. — Вы не знойдзеце нідзе Працы больш шаноўнае. Дзе ні вуліца, ні пляц, Як паглядзіш — мой палац. Астрэйка. // Які выклікае павагу. Шаноўныя гады. □ Народ наш старасць паважае. Заўжды схіляецца перад сівой Шаноўнай галавой. Корбан.
2. (звычайна ў звароце). Вельмі паважаны. Вы памыліліся, шаноўны грамадзянін, Вы па старому адрасу, а там мяне няма. А. Александровіч. / у іран. ужыв. [Вольга:] — Дарэчы, я ніяк не вызначу, якой масці наш шаноўны кватарант? Новікаў. / у знач. наз. шано́ўны, ‑ага, м.; шано́ўная, ‑ай, ж. Крык разбудзіў нечакана: — Гэй, уставайце, шаноўныя! Куляшоў. — Дык вось, шаноўны, — зноў пачаў Шарон (Даўней блізкіх шаноўнымі зваў ён). Танк.