шамазі́т, ‑у, М ‑зіце, м.
Мінерал шаравата-зялёнага або чорнага колеру, складаны сілікат жалеза і магнію; жалезная руда. Залежы шамазіту.
[Ад геагр. назвы.]
шама́н, ‑а, м.
Чараўнік, знахар у народаў, рэлігія якіх заснавана на кульце духаў, на магіі. — Шаманы, ведзьмары яго [народ] лячылі, шаптухі зеллем кармілі, народ выміраў. Рамановіч.
[Эвенкійскае — узбуджаны.]
шама́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак.
Займацца шаманствам; выконваць абрад шаманства. — Анкат, гэта і ёсць шаман? — запытаў я ціха. — Шаман, шаман. — А што ён робіць? — Шаманіць, з духамі гаворыць, хворага лечыць. Бяганская. // перан. Чараваць. Шаманіць над катлом чабан З даўгім нажом, З двухзубцам. Барадулін. Па берагах не вельмі высокі, але стромкі меднастволы кедрач, густыя зараснікі тальніку, на рацэ дзе-нідзе чарнеюць лункі, ля якіх шаманяць над стаўнымі сеткамі рыбакі. «Маладосць».
шама́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Жан. да шаман.
шама́нскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да шамана, шаманства. Шаманская маска. □ [Эліо:] — Праўда, ён [культурны чалавек] не б’е ў бубен і не танцуе, а чытае свае шаманскія заклінанні з кніжкі ў прыгожым пераплёце. Машара.
шама́нства, ‑а, н.
1. Форма рэлігіі, культ духаў, магія ў некаторых народаў Сібіры, паўночнай і сярэдняй Азіі, Інданезіі, Амерыкі, Акіяніі, Афрыкі. Дзікунства і шаманства знішчылі абарыгенаў гэтага краю [ніўхаў]. Грахоўскі.
2. Занятак шамана; вядзьмарства. — Бегае [шаман], скача вакол хворага, б’е ў бубен — хворага лечыць. За шаманства ён, вядома, браў плату. Бяганская.
шаматкі́, ‑ая, ‑ое.
Які шамаціць; шаматлівы. Бы і не было нічога, акрамя грабель, акрамя шаматкога сена, спрыту, дужасці ў руках. Мележ. Пальцы [Марфы] абмацвалі шаматкую паперу. Савіцкі.
шаматлі́вы, ‑ая, ‑ае.
Які шамаціць, шапаціць, шастае. Вецер ускудлаціў верхавіны дрэў, кінуўшы на зямлю поўныя бярэмы шаматлівага лісту. Лынькоў. На другой сцяне вісяць шаматлівыя вянкі цыбулі, нізкі духмяных грыбоў. Каліна.
шамаце́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. шамацець, а таксама гукі гэтага дзеяння. Пачулася шамаценне шоўку. Асіпенка. Ледзь паспелі хлопцы расправіцца з нязваным госцем, як за дзвярыма пачулася зноў шамаценне... Кавалёў.
шамаце́ць, ‑мачу, ‑маціш, ‑маціць; незак.
Шапацець, шумець. Вакол, ападаючы, шамацела лісце, угары маркотна, цягуча шумеў густы вецер. Мележ. // чым. Утвараць лёгкі шум, шорах, кратаючы, рухаючы што‑н., чым‑н. Чуваць было, як Зянькевіч шамаціць паперай. П. Ткачоў. За акном паціху шамацела апошнімі лісцямі старая ліпа. Галавач.