непако́раны, ‑ая, ‑ае.
Такі, якога не пакарылі; які застаўся незалежным. Непакараны народ.
непако́рлівасць, ‑і, ж.
Уласцівасць непакорлівага.
непако́рны, ‑ая, ‑ае.
Які не хоча пакарацца, быць падуладным каму‑н. Тут край мой на самым стаіць рубяжы, і тут вось — маё непакорнае племя. Маракоў. У мінулым.. [Я. Купалу] перш за ўсё цікавяць моцныя духам, валявыя і непакорныя натуры. Шкраба. // Які ўласцівы такому чалавеку. Непакорны характар. // перан. Які не паддаецца або з цяжкасцю паддаецца якому‑н. уздзеянню; непаслухмяны. [Сямён] быў такі ж, як і раней: рослы, шыракаплечы, з моцнай шыяй, з бялявым непакорным віхорам. Мележ. Вольга адкінула з ілба непакорную пасму валасоў і з дакорам паківала галавой. Даніленка.
непакры́ты, ‑ая, ‑ае.
Без галаўнога ўбору. [Лясніцкі] дзесьці пакінуў шапку і ішоў з непакрытаю галавою. Шамякін. Ціхі вецер развяваў непакрытыя валасы Аксінні. Лынькоў.
непала́дкі, ‑дак і ‑каў; адз. непаладка, ‑і, ДМ ‑дцы, ж.
1. Адсутнасць наладжанасці; недахопы ў рабоце чаго‑н. [Марцін:] — Слоў няма: МТС перадавая, але ўсякіх непаладак там вельмі многа. Лупсякоў. Стрыманы, ветлівы, камандарм амаль заўсёды, прыязджаючы ў дывізію, быў незадаволены, знаходзіў розныя непаладкі. Мележ.
2. Непаразуменні, сваркі; нелады. Апошні рубеж сталасці пройдзен, выпрабаванне на трываласць сям’і зроблена. Мінулі хвіліны спрэчак і непаладак. Ваданосаў.
непалахлі́вы, ‑ая, ‑ае.
Такі, якога цяжка напалохаць; даволі смелы. Непалахлівы чалавек.
непаліўны́, ‑ая, ‑ое.
Спец. Такі, які не патрабуе штучнага арашэння. Непаліўныя землі.