непаднача́ленне, ‑я, н.
Нежаданне або адмаўленне падначальвацца каму‑н. Непадначаленне ўладам.
непадо́бнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць непадобнага; адсутнасць падабенства. Трымаецца [хлопец] горда, незалежна — і яго непадобнасць на другіх кідаецца ў вочы. Навуменка.
непадо́бны, ‑ая, ‑ае.
1. на каго-што, да каго-чаго і без дап. Які не мае падабенства з кім‑, чым‑н. Шабуня ляжаў на траве, непадобны на сябе. Мележ. [Салдаты] зусім былі непадобны на тых, якія займалі калісьці .. станцыю. Лынькоў.
2. Абл. Заганны, нядобры. [Аўгіня:] — Цяжка мне стала, Мартын, жыць з чалавекам, які пачаў займацца непадобнымі справамі, тапіць людзей, наводзіць паліцыю. Колас.
непадпара́дкаванне, ‑я, н.
Адмаўленне або нежаданне падпарадкавацца каму‑, чаму‑н. [Ляшчэня] абвінаваціў Паходню ў непадпарадкаванні дырэктывам, у парушэнні дзяржаўнай дысцыпліны. Хадкевіч.
непадпераза́ны і непадпяра́заны, ‑ая, ‑ае.
Без пояса; не перацягнуты ў таліі поясам. Палонны ў непадперазаным шынялі і вострай будзёнаўцы, сагнуўшыся ў нізкіх дзвярах, пераступіў парог. Брыль. Апрануты [Лескавец] быў па-летняму: картуз, лёгкі плашч-дажджавік, вузкаваты ў плячах, расшпілены, пад ім — непадпяразаная гімнасцёрка. Шамякін.
непадро́бленасць, ‑і, ж.
Уласцівасць непадробленага.
непадро́блены, ‑ая, ‑ае.
1. Сапраўдны. Непадробленыя дакументы.
2. Шчыры, непрытворны; натуральны. Вера падсела бліжэй да.. [Стасі] і прашаптала з непадробленай ласкай і болем: — Я так шкадую яго... Зарэцкі.
непадро́бны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Тое, што і непадроблены (у 2 знач.). Маці, маці! Я люблю цябе чыстай душой сваёй. Я прысягаю табе ў непадробнай сваёй шчырасці. Ермаловіч. «Дрыгва» — высокапаэтычны твор, прасякнуты непадробным духам народнасці. Навуменка.
непадрыхтава́насць, ‑і, ж.
Уласцівасць і стан непадрыхтаванага; адсутнасць падрыхтоўкі.
непадрыхтава́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не мае неабходнай. падрыхтоўкі, не атрымаў падрыхтоўкі. Васіль Якімчук па-ранейшаму прыходзіў на ўрокі непадрыхтаваным. Кавалёў.
2. Не гатовы, не прыгодны для чаго‑н. Непадрыхтаванае выступленне.