Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

разлі́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад разліць.

разлі́ў, ‑ліву, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. разліваць — разліць (у 2 знач.).

2. Дзеянне і стан паводле дзеясл. разлівацца — разліцца (у 2, 3 і 4 знач.). І ў гэтым разліве пяшчоты, дзіцячай ласкі .. [Галя] адчула, што ўжо не можа быць без яго, без хлопчыка, які ёй стаў такі родны. Сабаленка.

3. Выхад з берагоў ракі, возера; паводка. Мне не часта даводзілася бачыць Дняпро ў час яго разліву, ды яшчэ ў такую слаўную ранішнюю пару... Ракітны. // Веснавая вада, а таксама прастора, залітая вадой. [Раўбіч:] — Паколькі пачнём вясной, а разліў .. часам дасягае шасці вёрст ушыркі — гэта дасць вам неабходны спакой на той час, пакуль мы будзем наводзіць парадак. Караткевіч. Пешаходы сцішалі свае таропкія крокі, спыняліся на мосце і, любуючыся шырокім разлівам, прыслухоўваліся: ні то гэта шуміць веснавая вада, ні то тое новае, што ідзе разам з вясной. Шахавец.

разлі́ўка, ‑і, ДМ ‑ліўцы; ж.

Дзеянне паводле дзеясл. разліваць — разліць (у 2 знач.).

разліўны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які служыць, прызначаны для разліву (у 1 знач.). Разліўная машына.

2. Які прадаецца на разліў (у 1 знач.); які наліваецца ў пасуду пакупнікоў. Разліўное малако. Разліўное піва.

разлі́ўшчык, ‑а, м.

Рабочы, які займаецца разліўкай чаго‑н.

разлі́ўшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да разліўшчык.

разлі́цца, разальецца і разліецца; пр. разліўся, ‑лася, ‑лося; заг. разліся, зак.

1. Выліцца часткова або поўнасцю; расплюхацца. Малако разлілося. □ Язэп так і не данёс лыжку да рота. Зацірка разлілася. Асіпенка.

2. Размеркавацца па розных пасудзінах (пра вадкасць).

3. Заліць якую‑н. прастору, паверхню чаго‑н.; расцячыся. Тая нафта, што разлілася тонкім слоем па паверхні вады, загарэцца ўжо не магла. «Полымя». // Выйсці з берагоў. Рэчка разлілася так шырока, як не разлівалася ўжо многа год, вада падышла пад самыя хаты. Шамякін. А там, дзе чарнеў заскарузлы алешнік, разлілася сажалка, увабраўшы ў сябе ўсю ясную сінь летняга неба. Ракітны.

4. перан. Разысціся ва ўсе бакі, па ўсёй прасторы чаго‑н., у межах чаго‑н. Усход святлее, ціха грае і пераліваецца гэта ясната, залатая багра — шчаслівы смех дня, каб дыяментамі разліцца на свежых маладых лісціках, на чысцюткіх кроплях расы. Колас. Голас .. [Надзі] пачаў прыкметна дрыжэць, на твары разлілася пунсовая чырвань. Гроднеў. Па пакою разліўся знаёмы і дарагі мне бэзавы пах. Кірэенка.

разліццё, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. разліваць — разліць (у 2 знач.); дзеянне і стан паводле дзеясл. разліцца (у 1–3 знач.).

разлі́ць, разалью, разальеш, разалье; разальём, разальяце і разлію, разліеш, разліе; разліём, разліяце; пр. разліў, ‑ліпа, ‑ло; заг. разлі; зак., што.

1. Выліць часткова або поўнасцю; расплюхаць. Разліць малако. □ Мама несла ваду на каромысле, а .. [козлік] гэта ззаду падкраўся ды знячэўку як стукне ёй пад калені — ажно прысела і ваду разліла. Брыль. Карткі раздаваліся на выпускным вечары. Былі тосты. Нехта разліў віно на яе фатакартачку. Савіцкі.

2. Пераліць якую‑н. вадкасць з адной пасудзіны ў некалькі іншых. Мы чакалі, пакуль Эдзік адкаркуе бутэльку віна, разалье яго ў шклянкі, якія мы трымалі ў руках. Гаўрылкін.

3. безас. Прымусіць выйсці з берагоў. За Вынісцамі рэчку разліло вельмі шырока, уся .. грэбля была пад вадой. Скрыган.

4. перан. Распаўсюдзіць ва ўсе бакі, па ўсёй прасторы чаго‑н., у межах чаго‑н. Галя сядзіць на прыступцы ганка. Сонца ўжо разліло на зямлі ранішняе, яшчэ халаднаватае святло. Сабаленка. Па-над вуліцай калгаснаю пах таполі разлілі. Машара.

•••

Вадой не разліць (не разальеш) каго — пра неразлучных сяброў.

разлі́чаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад разлічыць.

2. у знач. прым. Наўмысны, загадзя абдуманы, не выпадковы. Назаўтра Мсціслаў паспрабаваў расказаць Міхаліне Раўбіч аб сапраўдным жыцці Алеся, аб разлічанай знявазе, якую чыніў яму невядомы вораг. Караткевіч. [Хлопец] так быў заняты працай, што здавалася, нічога не заўважаў вакол — рухі разлічаныя, дакладныя, увішныя. Ваданосаў.