Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пераканструява́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пераканструяваць.

пераканструява́ць, ‑руюю, ‑руюеш, ‑руюе; зак. і незак., што.

Сканструяваць (канструяваць) нанава, па-новаму. Пераканструяваць машыну.

перакапа́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад перакапаць.

перака́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Нака́паць больш, чым трэба.

перакапа́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; зак., што.

1. Падзяліць што‑н. на часткі ровам, канавай упоперак чаго‑н. Перакапаць дарогу. Перакапаць поле канавай.

2. Ускапаць. Сілы малавата, а перакапаць бы зямлю .. ды навазіць у канаўкі гразі з алешніку, напэўна зямля паправілася б, і расло б тут збожжа, як лес. Колас. Усе дарожкі ў лесе былі стаптаны, перамешаны, нібы нехта знарок іх пераканаў рыдлёўкамі. Няхай.

3. Ускапаць нанава, яшчэ раз. Перакапаць бульбянішча.

4. Разм. Разрыць, перарыць лычом. [Дзікія свінні] за адну ноч могуць цэлае поле знішчыць. Ды не столькі з’ядуць, колькі лычамі перакапаюць ды капытамі вытапчуць. В. Вольскі.

5. Разм. Перабраць, перагледзець, перавярнуць усё, многае ў пошуках чаго‑н. Перакапаць рэчы ў шуфлядзе. Перакапаць кнігі ў бібліятэцы. □ Думаю вымеркаваць час, архівы перакапаць, лепшае на свет выцягнуць... Калачынскі. — Аднойчы наляцелі паліцаі, перакапалі ўсё ў доме. Аляхновіч.

перака́пваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да перакапаць.

перакапірава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., каго-што.

1. Скапіраваць усё, многае, многіх.

2. Скапіраваць нанава, яшчэ раз.

перакараба́ціцца, ‑баціцца; зак.

1. Скрывіцца, пагнуцца ў многіх месцах; пакарабаціцца. Дошкі перакарабаціліся.

2. Пакарабаціцца — пра ўсё, многае.

перакараба́ціць, ‑бачу, ‑баціш, ‑баціць; зак., што.

Разм.

1. Скрывіць, пагнуць у многіх месцах; пакарабаціць. Перакарабаціць кнігу.

2. Пакарабаціць усё, многае.

перакара́бкацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм. Карабкаючыся, перамясціцца на другое месца, пералезці цераз што‑н. Перакарабкацца цераз плот.

перакармі́ць, ‑кармлю, ‑корміш, ‑корміць; зак., каго.

1. Накарміць звыш меры; абкарміць. Перакарміць дзіця.

2. Разм. Накарміць, пракарміць усіх, многіх.