перакана́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле дзеясл. пераканаць (у 1 знач.) і стан паводле знач. дзеясл. пераканацца.
2. Цвёрды, непахісны погляд, упэўненасць. Адно толькі ведае.. [Кастусь] — усім сэрцам і душою будзе заўсёды служыць прыгнечанаму селяніну, роднай Беларусі. Гэта было глыбокае і непахіснае перакананне... С. Александровіч. Прамова .. [Мікітава] была не зусім гладкая, але ён гаварыў шчыра, з перакананнем. Колас.
перакана́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад пераканаць.
2. у знач. прым. Цвёрда ўпэўнены ў чым‑н. Абодва мы былі перакананы, што пра нашы сустрэчы ніхто не ведае, асабліва бацькі. Лупсякоў.
3. у знач. прым. Непахісны, паслядоўны ў сваіх поглядах. Перакананы марксіст. □ Скарына быў перакананым абаронцам беларускай мовы і літаратуры. Алексютовіч.
пераканапа́ціць, ‑пачу, ‑паціш, ‑паціць; зак., што.
1. Праканапаціць нанава, іначай.
2. Заканапаціць усё, многае.
пераканапа́чаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад пераканапаціць.
пераканапа́чвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да пераканапачваць.
пераканапа́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да пераканапаціць.
перакана́ўчасць, ‑і, ж.
Уласцівасць пераканаўчага. Аля не запярэчыла на гэтыя словы, і .. [Леанід] адчуў, што думка яго знайшла якраз тую яснасць і пераканаўчасць, якую ён шукаў. Мележ.
перакана́ўчы, ‑ая, ‑ае.
Які пераконвае, прымушае паверыць у правільнасць, праўдзівасць чаго‑н. Пераканаўчы факт. □ Мужчыны гадавалі пытанні і ўважліва слухалі пераканаўчыя адказы. Шамякін. З даўніх гадоў ведаў .. [Азяўчыкаў]: жаўцее ўвосень жыта — пераканаўчая прыкмета недароду. Дуброўскі. // Пранікнуты сілай перакананасці. Вобразы былі такія яркія і пераканаўчыя, што ім нельга было не верыць. Гамолка.
перакана́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Упэўніцца ў чым‑н., паверыць у што‑н. Разгледзеўшы звера, я пераканаўся, што гэта быў воўк. Колас. — Я вывучыў гэтую справу і пераканаўся, што ўсе мы крыху вінаватыя. Скрыпка.
перакана́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.
1. і з дадан. сказам. Прымусіць паверыць чаму‑н., упэўніць у чым‑н. Словы [Лясніцкага] пераканалі і супакоілі дзяўчыну. Шамякін. Варановіч пераканаў Шлыка, што той можа мець яшчэ і вышэйшую адукацыю, калі .. возьмецца за вучобу. Дуброўскі.
2. з інф. або злучн. «каб». Угаворамі схіліць да чаго‑н., прымусіць зрабіць што‑н. Бастуючым удалося пераканаць рабочых далучыцца да ўсеагульнай забастоўкі. «Полымя». Паспрабуй пераканаць чалавека, каб ён рабіў тое, да чаго ў яго ахвоты няма. Васілевіч.