Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

радыёастрано́м, ‑а, м.

Спецыяліст у галіне радыёастраноміі.

радыёастрано́мія, ‑і, ж.

Раздзел астраноміі, які вывучае розныя касмічныя аб’екты шляхам аналізу выпрамененых ці адбітых імі радыёхваль і даследавання паглынання гэтых хваль міжзорным асяроддзем.

радыёба́чнасць, ‑і, ж.

Становішча, калі перадатачная і прыемная радыёстанцыі знаходзяцца ў зоне прамой бачнасці.

радыёбу́й, ‑я, м.

Марскі буй з радыёперадатчыкам, які аўтаматычна перадае радыёсігналы для вызначэння граніц суднаходства, асобных мясцін, небяспечных для суднаходства і інш.

радыёву́зел, ‑зла, м.

Радыёстанцыя са спецыяльнай прыёмнаўзмацняльнай апаратурай для трансляцыі радыёвяшчальных праграм і перадачы мясцовых паведамленняў па радыётрансляцыйнай сетцы. Калгасны радыёвузел перадае новы канцэрт. Хведаровіч. Старшыня заракітнянскага калгаса нарэшце дамогся, што ў калгасе быў абсталяваны ўласны радыёвузел і ў кожную хату было праведзена радыё. Краўчанка.

радыёвымярэ́нне, ‑я, н.

Вымярэнне зменных магнітных, электрычных і электрамагнітных велічынь, гукавой, высокай і звышвысокай частот з дапамогай электрычных і радыётэхнічных прылад.

радыёвыпрамяне́нне, ‑я, н.

Выпрамяненне электрамагнітных хваль.

радыёвышыняме́р, ‑а, м.

Прыбор для вымярэння з дапамогай радыёхваль вышыні палёту лятальных апаратаў.

радыёвяшча́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да радыёвяшчання, прызначаны для яго. Радыёвяшчальная праграма. Радыёвяшчальная станцыя.

радыёвяшча́нне, ‑я, н.

Перадача па радыё тэкставых і музычных праграм як адзін з асноўных сродкаў інфармацыі, масавай агітацыі і прапаганды. Ультракароткахвалевае радыёвяшчанне. Правадное радыёвяшчанне.