раве́снік, ‑а, м.
Чалавек аднаго ўзросту (або блізкі па ўзросту) з кім‑н. Хлопцы былі равеснікі — зялёныя гады, — кожнаму па васемнаццаць. Каваль. [Лемяшэвіч:] — Рая ўжо дарослая дзяўчына.. У яе фарміруецца характар. Ёй трэба быць у сваім асяроддзі, сярод равеснікаў. Шамякін.
раво́к, раўка, м.
1. Памянш. да роў; невялікі роў.
2. Паглыбленне, выкапанае ў зямлі і прызначанае для ўкрыцця салдат, гармат і пад. Клямт яшчэ спаў у раўку, як прасвіс[та]ла некалькі снарадаў і грымнула непадалёк. Мележ.
3. Падоўжанае паглыбленне ў чым‑н. Калі нізенькі дзядок дабіраўся шчоткай да яго шаўкавістага з раўком пасярэдзіне крыжа, Віхор [конь] прыгінаўся. Бядуля.
раву́н, ‑а, м.
1. Разм. Той, хто многа плача, раве (пра дзяцей).
2. Гукавы сігнальны прыбор на караблі; сірэна.
3. Вялікая, з вельмі звонкім голасам малпа падсямейства шыраканосых, якая насяляе лясы Паўднёвай і Цэнтральнай Амерыкі.
раву́ха, ‑і, ДМ ‑вусе, ж.
Жан. да равун (у 1 знач.).
ра́га, ‑і, ДМ разе, ж.
Струменьчык чаго‑н. вадкага на якой‑н. паверхні. Зацішак поля дыша варам. І гоніць з твару поту рагі, І сохнуць губы ад той смагі. Колас. Худы і высокі чалавек, ні аб чым не дагадваючыся, мыліў галаву, прыгнуўшыся к лаўцы. Мыльныя рагі цяклі ў яго з галавы па спіне. Чорны.
рагаве́нь, рагаўня, м.
Уст. Табакерка, зробленая з рога.
рагаві́к 1, ‑а, м.
Шчыльная зярністая горная парода бурага або шэрага колеру, якая ўтвараецца ад уздзеяння магмы на пароду.
рагаві́к 2, ‑а, м.
Палічка трохвугольнай формы ў куце хаты. На грудзях у яго [Уладыся] тады яшчэ матляўся крыж — цяпер ён ляжыць на рагавіку, загорнуты ў чыстую анучку. Скрыган.
рагавіко́вы, ‑ая, ‑ае.
Які складаецца з рагавіка 1. Рагавіковыя пароды.
рагаві́ца, ‑ы, ж.
Пярэдняя празрыстая частка знешняй абалонкі вока; рагавая абалонка. У бальніцы [Івана Аляксеевіча] адразу паклалі на аперацыйны стол і вынялі з вока востры, як іголка, кавалачак вугалю. Была пашкоджана рагавіца. Мяжэвіч.