Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

по́крыўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да покрыва; які з’яўляецца покрывам, служыць для пакрывання чаго‑н. Покрыўная тканка. Покрыўны трыкатаж.

2. Спец. Сельскагаспадарчыя расліны, пад якія падсяваюць насенне шматгадовых траў. Покрыўныя культуры.

по́куль, прысл. і злучнік.

Разм. Тое, што і пакуль. А покуль тут свая ахова, — За зброю — вілы ды тапор. Астрэйка. Дымную печку палілі ўночы, аж покуль яна не чырванела ад жару. Асіпенка. Не застаўся родны дом Без гаспадара, Покуль конь і я з канём — Жыхары двара. Куляшоў.

по́куць, ‑і, ж.

Вугал, кут у хаце, дзе віселі абразы і стаяў стол, за які садзілі паважаных гасцей. Недзе было Міхалу дзецца, калі жанкі і дзяўчаты з песнямі і кветкамі хлынулі вечарам у хату і паставілі на покуць першы сноп жыта. Васілевіч. Вось і на гэты раз.. [Хлор] не заставіў сябе доўга чакаць і першым усеўся на покуці, як дома. Гартны.

пол 1, ‑у, м.

Сукупнасць уласцівасцей, якія характарызуюць мужчынскія і жаночыя арганізмы і супроцьпастаўляюцца адзін другому. Мужчынскі пол. Жаночы пол.

•••

Дужы пол (жарт.) — пра мужчын.

Прыгожы (слабы) пол (жарт.) — пра жанчын.

пол 2, ‑а, м.

Палаткі, нары. Хата нагадвала даўнейшую курніцу: чорная земляная падлога, брудны і таксама чорны на ўсю хату пол, па якім ўпокат спала ўжо немалая Прахорава сям’я. Зарэцкі.

по́ла, нескл., н.

Спартыўная камандная гульня ў мяч верхам на конях.

•••

Воднае пола — спартыўная камандная гульня ў мяч на вадзе; ватэрпола.

[Англ. polo.]

по́лавец,

гл. полаўцы.

по́лаг, ‑а, м.

Заслона, занавеска, якая закрывае ложак. [Ганна] акуратна затуліла калыску полагам ад камароў, ухапіла граблі і хутчэй падалася да пракосаў. Мележ. // Любая заслона, якой завешваюць што‑н. За полагам, што цягнуўся ад печы да сцяны і падзяляў пярэдні пакой на дзве палавіны, спакойна, з лёгкім прысвістам хроп стары Яшчын. Хадкевіч. Маці закрыла твар далонямі, хістаючыся, нібы параненая, адышлася да полага, што аддзяляў залу ад спальні, уткнулася ў яго тварам. Асіпенка. // перан.; чаго або які. Тое, што закрывае, ахутвае што‑н.; покрыва. Часам, не разлічыўшы свой пругкі ўдар, .. [вецер] разрываў полаг хмар. Шамякін. Дарогу зноў атуліў лес, насунуўся на яе чорным полагам. Хадкевіч.

по́лаз 1, ‑а; мн. палазы, ‑оў; м.

1. Адна з дзвюх ніжніх частак саней у выглядзе загнутай спераду драўлянай паласы (або металічнай пласціны). Спрасаваны людскімі нагамі ды саннымі палазамі снег быў цвёрды, што на таку. Сіняўскі. Рэзка рыпеў снег пад палазамі чатырох партызанскіх саней. Краўчанка.

2. Спецыяльны брус, які падкладаецца пад ніз пры перавозцы цяжару, пры спуску суднаў і пад.

по́лаз 2, ‑а, м.

Неядавітая змяя сямейства вужоў. Амурскі полаз.

по́ласцевы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да поласці. // Які знаходзіцца ў поласці. Поласцевая вадкасць.

по́ласць, ‑і, ж.

Прастора ў жывёльным арганізме, парожняя або запоўненая чым‑н., адмежаваная ўнутранымі паверхнямі сценак цела. Поласць рота. Брушная поласць.

•••

Гаймарава поласць — прыдаткавая поласць носа ў верхняй сківіцы, высланая слізістай абалонкай.