Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

неўсталява́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не зусім сфарміраваўся, склаўся. Ужо трэцюю калыску Насцечка гушкае, мармычучы сабе пад нос яшчэ неўсталяваным, дзіцячым, голасам: «Спі, мой каток, чырвоны раток». Сабаленка.

2. Неўладкаваны, неналаджаны. Неўсталяванае жыццё.

неўтаймава́насць, ‑і, ж.

Уласцівасць неўтаймаванага. Неўтаймаванасць фантазіі. Неўтаймаванасць энергіі.

неўтаймава́ны, ‑ая, ‑ае.

Такі, якога цяжка, немагчыма ўтаймаваць, стрымаць, сцішыць. Светлае, ласкавае неба, неўтаймаваны.. акіян прыцягвалі да сябе позірк. Гамолка. Пасля вячэры неўтаймаваная моладзь сабралася на клубнай пляцоўцы зноў. Васілевіч. // Уласцівы такому чалавеку. Неўтаймаваная натура. // Надзвычайны ў сваім праяўленні, вельмі моцны. — Што, я ў цябе пытаюся? — .. [бацька] зноў кінуў на Міхася позірк, у якім было поўна неўтаймаванай лютасці. Дамашэвіч. Усе жылі адным неўтаймаваным жаданнем — наперад, наперад! Мележ.

неўтаймо́ўнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць неўтаймоўнага.

неўтаймо́ўны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і неўтаймаваны. Шорхат снегу па вокнах, манатоннае завыванне ветру ўрэшце адагналі неўтаймоўныя думкі. Лынькоў.

неўхвале́нне, ‑я, н.

Тое, што і неадабрэнне. Неўхваленне ўчынку.