Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

неруха́васць, ‑і, ж.

Разм. Уласцівасць і стан нерухавага. Яго [Арлоўскага] неспакойная душа ніяк не магла пагадзіцца нават з самай малою нерухавасцю, абыякавасцю, бяздзейнасцю. Паслядовіч.

неруха́вы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Непаваротлівы, марудлівы. Нерухавая жанчына.

нерухо́масць, ‑і, ж.

Уласцівасць нерухомага. // Стан, які характарызуецца адсутнасцю рухаў. Хлопцы застылі ў нерухомасці, сочачы за налётам. Якімовіч. Алешыны стаяць у ціхай нерухомасці. Аляхновіч.

нерухо́мы, ‑ая, ‑ае.

1. Які не рухаецца, застаецца ўвесь час на адным месцы. Нерухомы блок. □ Над нізінай нерухомы Звіс, як дым, туман. Колас.

2. перан. Які не змяняе свайго выразу. Нерухомым позіркам .. [Міколка] углядаўся ў блакітнае неба. Лынькоў.

3. Які складаецца з зямельнага ўчастка, будынка (пра маёмасць). Нерухомая маёмасць. / у знач. наз. нерухо́мае, ‑ага, н. [Маханько:] — Раз.. [калгаснік] гаспадар нашых тысяч гектараў, гаспадар усяго нашага, як кажуць, рухомага і нерухомага, то ён ночы не даспіць, а падумае, што куды зручней павярнуць, як што лепш зрабіць. Кулакоўскі.

4. У граматыцы — які не мяняе свайго месца (пра націск).

не́руш, ‑у, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ‑ы, ДМ ‑ы, Т ‑шшу, ж.

Што‑н. некранутае (нявораная зямля, дзікі лес, грыбное месца і пад.). Сам гаспадар таксама меў свае абходы, выпраўляўся ў лес па грыбы, хоць трапіць на такі неруш і на такое мноства баравікоў, як давялося яму нядаўна, больш не здаралася. Колас. Дзядзька Мікола поўзаў на каленях, збіраў рыжыкі і гаварыў, што такую неруш сустрэў у жыцці ўпершыню. Хомчанка. // Некранутая паверхня чаго‑н. Мы ідзём у Кветчу, дзе жыве стары. Крочым вузенькай горкай сцежкаю, ад якой у абодва бакі разлягаюцца прасцягі снегавой нерушы. Карамазаў. // перан. Вобласць дзейнасці, у якой амаль нічога не зроблена. Чорны стварыў эпічную мову, натуральную ў вуснах кожнага чалавека .. Здабыўшы такі інструмент, Чорны пачаў працаваць заложна. Перад ім была неаглядная неруш. Лужанін.

нерытмі́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць нерытмічнага. Нерытмічнасць работы прадпрыемства.

нерытмі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які пазбаўлены рытму, рытмічнасці. Нерытмічныя хістанні.

нерэалізава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Не ажыццёўлены, не ператвораны ў жыццё. Нерэалізаваная прапанова.

2. Які не змаглі прадаць. Нерэалізаваны тавар.

нерэа́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць нерэальнага.

нерэа́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не існуе ў рэчаіснасці; фантастычны. Дрэвы, ахутаныя ў казачна бялюткія адзенні, стаялі нерухома, быццам зачараваныя. Усё здавалася нерэальным, таямнічым. Новікаў. У Косцевым уяўленні кожная дзяўчына была занадта паэтычная і нерэальная. Карпюк.

2. Немагчымы для выканання, здзяйснення; неажыццявімы. Нерэальныя патрабаванні. □ І ўсе іх планы былі нерэальнымі, бо не было ў хлопцаў зброі, ды і ўдвух не многае зробіш. Новікаў.