нездаро́ўе, ‑я, н.
Недамаганне, хваравіты стан. Два тыдні ў нашай вёсцы не было старасты.. Тады Кубец прыехаў да старога Тараса і прапанаваў яму быць старастам. Тарас адмовіўся, спаслаўшыся на старасць і нездароўе. Краўчанка.
нездзяйсня́льнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць нездзяйсняльнага. Нездзяйсняльнасць намеру.
нездзяйсня́льны, ‑ая, ‑ае.
Які не можа быць ажыццёўлены, выкананы. Нездзяйсняльны план. Нездзяйсняльны праект.
незлапа́мятны, ‑ая, ‑ае.
Які не помніць крыўды, зла; памяркоўны. Чалавек ён незлапамятны.
незласлі́васць, ‑і, ж.
Уласцівасць незласлівага. Незласлівасць характару.
незласлі́вы, ‑ая, ‑ае.
Які не выяўляе злосці; дабрадушны. Незласлівы чалавек. □ Характару Максім быў незласлівага, меў схільнасць да гумару лёгкага, з усмешкай. Бачыла. // Які выражае незласлівасць, уласцівы дабрадушнаму чалавеку. Незласлівы тон. □ Для першых гумарэсак К. Крапівы характэрны незласлівыя, жартоўныя інтанацыі. Казека.
незлічо́ны, ‑ая, ‑ае.
Такі, які цяжка або немагчыма палічыць; непамерны па колькасці. Па роўнай, бліскучай стужцы асфальту віруе незлічоны паток машын. Хведаровіч. Незлічонае птушынае царства на розныя галасы славіла радасць існавання, першы майскі дзень. Мележ.
незмаўка́льны, ‑ая, ‑ае.
Які не змаўкае працяглы час. Незмаўкальны спеў птушак.
незнаёмец, ‑мца, м.
Незнаёмы, невядомы чалавек. Паціху прабіраючыся наперад, Алесь не зводзіў вачэй з незнаёмца. Ваданосаў.