Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

неадры́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, які адбываецца без спынення, бесперапынны. Неадрыўнае націранне.

2. Непарыўны. Літаратура павінна быць неадрыўнай ад жыцця народа, адказваць на важнейшыя пытанні часу. Хромчанка.

неадсту́пнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць неадступнага; настойлівасць.

неадсту́пны, ‑ая, ‑ае.

Які не адступае ад каго‑н., чаго‑н., упарта дамагаецца чаго‑н.; настойлівы. Неадступны спадарожнік. Неадступная пагоня. □ Цэлую раніцу хадзіў Рыгор па вёсцы сярдзіты і неадступны, пакуль выправіў у лес сабатажнікаў. Крапіва. // Неадчэпны, пастаянны. Усё засланялася адным неадступным цяжкім пытаннем: «А як жыць далей? Што рабіць?» Шамякін.

неадукава́насць, ‑і, ж.

Уласцівасць неадукаванага; недастатковасць, адсутнасць адукаванасці.

неадукава́ны, ‑ая, ‑ае.

Які не мае адукацыі, малапісьменны. Неадукаваны чалавек.

неадушаўлёнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць неадушаўлёнага. Неадушаўлёнасць прадметаў.

неадушаўлёны, ‑ая, ‑ае.

Які не адносіцца да свету жывых істот; нежывы. Неадушаўлёны прадмет. // У граматыцы — які адносіцца да катэгорыі назоўнікаў, што абазначаюць розныя з’явы рэчаіснасці, нежывыя прадметы.

неадхі́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць неадхільнага. Думка аб неадхільнасці смерці моцна ўзрушыла яго. Колас.

неадхі́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, якога нельга адхіліць, якога немагчыма пазбегнуць. Ужо два тыдні як над сялом павіс нейкі страх і трывога, чаканне чагосьці страшнага і неадхільнага. Колас.

2. Пастаянны, неадступны. Папярэдзіць, адгарадзіць гэтую крыштальную чысціню ад усяго бруднага раптам стала для мяне неадхільным клопатам. Ваданосаў.

неадчува́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць неадчувальнага.