Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

перажо́ўчаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад перажаўціць.

перажыва́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. перажываць.

2. Асобы псіхічны стан, які выяўляецца ў наяўнасці якіх‑н., звычайна непрыемных, адчуванняў, пачуццяў. Змучаны бяссоннем і душэўнымі перажываннямі, Злобіч меў цяпер выгляд яшчэ больш пахмуры і суровы. М. Ткачоў. У маладосці рэдка здараецца, каб не спалася, хіба толькі ў часы цяжкіх перажыванняў, гора. Шамякін.

перажыва́цца, ‑аецца; незак.

Зал. да перажываць.

перажыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да перажыць (у 1, 4 знач.).

2. што і без дап. Быць у стане душэўнага неспакою ў сувязі з чым‑н., хвалявацца, нервавацца з прычыны чаго‑н. — Не перажывай, — суцяшаў я Паліну, — я сам вінаваты больш, чым ты і Лебяда разам. Пальчэўскі. Ні адну яшчэ няўдачу .. [Карп] не перажываў так пакутліва, як гэтую. Шамякін.

3. што. Аднаўляць у памяці мінулае, перажытае. Вера шырока расплюшчыла вочы, нібы перажываючы нанова свой ранейшы спалох. Зарэцкі.

4. Спец. Пранікацца пачуццямі, думкамі персанажа (пра акцёра). Паў ліпка ўвесь час на сцэне, яна дзейнічае, змагаецца, перажывае, хвалюецца. Ярош.

перажына́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да перажаць (у 1, 2 знач.).

перажы́так, ‑тку, м.

Тое, што захавалася ад мінулага і не адпавядае сучасным нормам. Барацьба з перажыткамі капіталізму. □ Вышэй — над выдумкамі злымі, Вышэй — над зайздрасцю дурной, Над перажыткамі сівымі І рознай цвіллю бытавой... Лось.

перажы́тачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да перажытку, з’яўляецца перажыткам. Перажытачныя з’явы.

перажы́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад перажыць.

2. у знач. наз. перажы́тае, ‑ага, н. Тое, што зазнана ў жыцці, перажыта. Выдавалі ўзрост і перажытае адны вочы — прыжмураныя і стомленыя, у якіх як бы пагасла святло. Шамякін. Прыгадваецца іншы раз чалавеку далёкае, перажытае... Пальчэўскі.

перажы́цца, ‑жывецца; зак.

Аказацца перажытым, быць перажытым. [Маці:] — Трэба было, дачушка, як-небудзь трымацца. Як-небудзь перажылося б, перагаравалася б. Чорны. І вось усё перажылося, перабылося. Васілевіч.

перажы́ць, ‑жыву, ‑жывеш, ‑жыве; ‑жывём, ‑жывяце; зак.

1. каго-што. Пражыць даўжэй за каго‑, што‑н., застацца жыць пасля смерці, гібелі каго‑, чаго‑н. Выраслі ўнукі, а сыноў няма, усіх чатырох перажыў ён, стары бацька. Навуменка.

2. каго-што. Разм. Праіснаваць, прабыць, захавацца даўжэй за каго‑, што‑н. За доўгі век свой перажыў Начальства ён нямала, Хто гнеў, хто славу заслужыў... Яго ж усё мінала. Бачыла. А рэшткі колішніх збудаванняў перажылі сваіх гаспадароў. Шыцік. // Доўга не страціць свайго значэння; захаваць сваё значэнне пасля смерці аўтара, стваральніка і пад. (пра творы мастацтва і інш.). Хіба перажыла сябе брама, напісаная ў мастацкай манеры п’ес Горкага. «ЛіМ».

3. што. Пражыць, перабыць які‑н. час; знайсці ў сабе сілы перанесці, выцерпець што‑н., справіцца з цяжкасцямі. — Не плач, перажывём бяду-вайну, — Янук пачаў Раіну суцяшаць. Танк. [Карп:] — Ну, нічога, унучак... Мы перажывём гэта. Перажывём... Шамякін. [Васіль:] Я лякарствы прывёз, — тыя, што Дора Абрамаўна выпісала. Маладзец, кажа, твой бацька. Ён і не такі сардэчны прыступ перажыве. Даніленка.

4. што. Зазнаць, нацярпецца ў жыцці. Косця слухаў Таню, і яму рабілася страшна, страшна, што такое магло быць на свеце, што такое магла перажыць Таня. Арабей. — Як сям’я? Уцалела? — спытаў між іншым Павел. — Уцалела. Пісалі, шмат чаго перажыць давялося. Пальчэўскі. // Зведаць якое‑н. пачуццё. Пад канец .. зімы Пецю давялося яшчэ перажыць адзін цяжкі ўдар: памёр яго дзед. Ракітны.

•••

Перажыць (самога) сябе — а) захаваць сваё значэнне пасля смерці; б) страціць сваё значэнне пры жыцці.