разла́зіцца 1, ‑лезецца.
Незак. да разлезціся.
разла́зіцца 2, ‑лажуся, ‑лазішся, ‑лазіцца; зак.
Разм. Пачаць вельмі многа лазіць.
разлайда́чыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.
Разм. Разленавацца, стаць лайдаком. Ад сына, відаць, ужо помачы не чакай: скруціўся з дому, разлайдачыўся, распіўся. Грахоўскі.
разлама́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад разламаць.
разлама́цца, ‑ломіцца; зак.
1. Пры ломцы, удары распасціся на кавалкі, пераламацца. Акраец разламаўся на роўныя дзве часткі там, дзе быў раней нарэзаны. Чорны.
2. Разм. Разбурыцца, разваліцца, зламацца. Паркан разламаўся. □ Складваў, стараўся, а будыніна крывілася, хілілася, гатова была ў любы момант разлезціся, разламацца. Мележ.
разлама́ць, ‑ламлю, ‑ломіш, ‑ломіць; зак., што.
1. Пераламаўшы ў некалькіх месцах, падзяліць на часткі, на кавалкі. У гэтай бойцы .. [певень] разламаў ляшчоткі. Амаль зрошчаная нага зноў матлялася. Пальчэўскі. А разломіш напалам, .. [печаная бульба], як пірог, — хрусткая, белая, так і просіцца ў рот. Гамолка.
2. Разбурыць, разваліць. [Максім:] — Учора ўвечары перабраўся ў хату, а сёння разбурыў зямлянку... Ведаеце, з радасцю ... сам разламаў. Шамякін. Неяк напрадвесні Цялутка разламала загарадку, выбегла, падбрыкваючы, на двор. Лось.
разлапата́цца, ‑пачуся, ‑почашся, ‑почацца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пачаць моцна лапатаць (крыламі). Певень разлапатаўся.
2. Разм. Разгаварыўшыся, стаць лапатлівым, балбатлівым.
разла́пісты, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які раскінуўся шырока ў розныя бакі (пра дрэвы, галлё, карэнне). Зямлянкі былі пабудаваны так, што іх адразу нельга было ўгледзець, — глыбока ў зямлі, пад разлапістымі дрэвамі. Шчарбатаў. У высокім разлапістым папаратніку, у малых ялінах яшчэ трымаўся туман. Федасеенка.
разлапушы́цца, ‑шыцца; зак.
Разм. Распусціцца, разгарнуцца, буйна, шырока разрасціся. І пайшла.. [кукуруза] ў рост, зашугала, разлапушылася. Бялевіч. Толькі кветкі ў вазонах на падаконніках і на табурэтках падраслі і разлапушыліся, некаторыя з іх цвілі, і тонкі водар поўніў паветра. Хадкевіч.
разлапушы́ць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., што.
Разм. Распусціць, разгарнуць. Цераз платы звісалі вяла фігі: Разлапушыўшы пухкія лісты, яны лавілі цень. Гаўрук.
разла́саваны, ‑ая, ‑ае.
Які разласаваўся, стаў вельмі ласы.