гаці́ць, гачу, гаціш, гаціць; незак., што.
1. Рабіць гаць, пракладваць дарогу цераз балота ці гразкае месца. Балота аказалася такое пражорлівае, што сем год гацілі яго і пяском, і каменнем. Бажко.
2. Перакрываць, запруджваць ваду ў рацэ плацінай. Вось тады, калі стыхія вады крышыла грэблю, я парашыў канчаткова: стану інжынерам, буду гаціць рэкі, будаваць электрастанцыі, каб было людзям святло, а палям вада. Хомчанка.
3. перан. Траціць на што‑н. бязмерна вялікія сродкі. Яшчэ і сёння між калгаснікаў ідуць спрэчкі аб тым, ці варта было гаціць такую процьму грошай на гэту механіку. Палтаран.
•••
Хоць гаць гаці каго-чаго — вельмі многа, вялікая колькасць каго‑, чаго‑н. Сяброў у Кузьміча — хоць гаць гаці! Корбан.
гаць, ‑і, ж.
1. Насціл з бярвення, галля, ламачча для праезду цераз балота ці гразкае месца. Падводная гаць з жэрдак і палак спружыніць пад нагамі. В. Вольскі.
2. Плаціна, якую ставяць, каб павысіць узровень вады ў рацэ; запруда. Расшумелася паводка, І прарвала рэчка гаць. Астрэйка. Яны ўдваіх, сынок і маці, З двара ідуць у бок ракі На зыбкі мосцік міма гаці, Дзе разрасліся хмызнякі. Колас.
•••
Хоць гаць гаці каго-чаго гл. гаціць.
га́шаны, ‑ая, ‑ае.
Заліты вадой; патушаны. Гашанае вуголле.
•••
Гашаная вапна гл. вапна.
гашы́ш, ‑у, м.
Наркатычны сродак, які атрымліваецца з індыйскіх канапель.
[Араб. hašiš.]
гашэ́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. гасіць.
гашэ́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Кручок у агнястрэльнай зброі для спуску ўзведзенага курка. Схаваўшы галаву за шчыт, кулямётчык націснуў па гашэтку, і «Максім» засакатаў. Дудо.
[Фр. gachette.]
гаю́часць, ‑і, ж.
Уласцівасць гаючага. Гаючасць паветра. Гаючасць лекаў.
гаю́чы, ‑ая, ‑ае.
Карысны для здароўя; здольны вылечваць хваробу, садзейнічаць аздараўленню. Гаючае паветра. Гаючая трава. □ Ад гутаркі з Якавам у Андрэя быў такі душэўны стан, што як быццам яго напаіў хто гаючай вадой, якая так і разыходзілася цеплынёй па ўсім целе. Пестрак.
го́йсанне і гайса́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. гойсаць, гайсаць.