рассе́йвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да рассеяцца.
2. Зал. да рассейваць.
рассе́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да рассеяць.
рассе́йнік, ‑а, м.
Машына для прасейвання, сартавання зерня, круп, мукі.
рассе́лены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад рассяліць.
рассе́ліна, ‑ы, ж.
Глыбокая трэшчына або вузкая цясніна. [Іван] думаў, што лепей было б вылезці з гэтай змрочнай расселіны. Быкаў. [Дарога] цяпер то крута віляла, то раптам кідалася ўніз, у расселіну паміж сопак. Савіцкі.
рассе́сціся, ‑сядуся, ‑сядзешся, ‑сядзецца; пр. рассеўся, ‑селася; зак.
1. (1 і 2 ас. адз. не ўжыв.). Сесці, размясціцца дзе‑н. — пра ўсіх, многіх. Усе мае таварышы даўно ўжо расселіся ў вагоне, уладзіўшы транспартныя справы, а майго чамадана ўсё не было. Лынькоў. На тратуары расселася чародка галубоў, якія нешта дзяўблі на асфальце. Гроднеў.
2. Разм. Сесці свабодна, заняўшы шмат месца. — Пасуньцеся, вельмі шырока расселіся, — пачуў .. [чалавек], як праз сон, нечы голас. Прокша. Глушэц чым далей, то ўсё болей Дзесь на суку за тоўстай хвояй Рассеўся важна і балбоча. Колас. // Пасяліцца. Там, дзе на разлегласці раней яшчэ быў рассеўся Мазавецкі з сваім новым хутарам, цяпер быў проста-такі цэлы фальварак. Чорны. // перан. Шырока разрасціся. Высока, разл[о]жыста Расселася пры хаце Стара-старая ліпа, Паважная, як свацця. Купала.
3. Сеўшы, затрымацца доўгі час; сесці дзе‑н. надоўга. Прайшло некалькі хвілін у здранцвення «Чаго ж гэта я расселася? Трэба нейкую раду даваць», — спахапілася нарэшце Ірына Віктараўна. Пальчэўскі. — Ну і што там з гэтай кнігай рассеўся? Дроў сушэйшых пайдзі прынясі!.. Брыль.
4. Даць трэшчыны, раскалоцца. [Алегу] ўявілася вялікая крыга, якая плыла па шырокай рацэ, потым натужліва цярнулася аб [нешта] неадольнае, мацнейшае за яе, крыгу, і расселася папалам. Ермаловіч.
рассе́ў, ‑севу, м.
Дзеянне паводле дзеясл. рассяваць — рассеяць (у 1 знач.). // Спосаб, якасць пасеву. Суцэльны рассеў. Добры рассеў.
рассе́чаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад рассячы, рассекчы.
2. у знач. прым. З ранай, нанесенай чым‑н. вострым; з рубцом ад такой раны. Ад усяго перажытага за гэты дзень у мяне ўсё яшчэ кружыцца, пабольвае галава. Шчыміць, торгае рассечанае брыво. Місько. У Саўкаву леснічоўку траплялі і тыя, каго цар збіраўся загнаць.. у ваенныя казармы. Сярод іх быў і добры Язэпаў знаёмы — Пятрок, хлапец з рассечанаю шчакою з маёнтка пана Жардзецкага. Якімовіч.
рассе́янасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць рассеянага.
2. Адсутнасць увагі, інтарэсу да чаго‑н. пэўнага. [Стары] нават маўчаць і слухаць умее з рассеянасцю, выказваючы знявагу да субяседніка. У. Калеснік.