Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пераказа́ць, ‑кажу, ‑кажаш, ‑кажа; пр. пераказаў, ‑зала; заг. перакажы; зак., што.

1. Расказаць, выкласці сваімі словамі што‑н. прачытанае, пачутае. Пераказаць змест паэмы. □ — У атрад, скажыце, яму яшчэ рана. Там ён больш патрэбны. Запомнілі ўсё? — Здаецца, усё. — Паўтарыце. — Сокалаў амаль слова ў слова пераказаў іх гутарку. Новікаў. Я выбраў два цяжкія пераклады .. у сэнсе вяліка[й] цяжкасці пераказаць тое самае ў іх рускім тэксце тэкстам беларускім. Чорны. // Разм. Прачытаць, расказаць што‑н. вывучанае на памяць. Сарамліва, але добра пераказаў.. [Ігнась] вывучаны верш. Мурашка.

2. Паўтарыць сказанае яшчэ раз. Таццяна з смяшлівым націскам пераказала яго калішнія словы: — Нашто верыць, калі можна знаць... Зарэцкі.

3. і з дадан. сказам. Давесці да ведама, паведаміць каму‑н. пра што‑н. вусна. Сашка, Ніна і Каця дабраліся да Мінска і адтуль пераказалі, што пайшлі на вайну. Мікуліч. Радасна было, што з любым чалавекам адзін на адзін сядзіць, не баіцца яго, але сполах бярэ, як хто падгледзіць іх ды бацькам тады перакажа. Нікановіч. // Перадаць каму‑н. на словах чыю‑н. просьбу, даручэнне і пад. — Захар прасіў пераказаць табе, Васька, што ў Пашукоўскі лес паехалі немцы. Паслядовіч. — Перакажыце тату, каб у тую сераду прыехаў па мяне. Мурашка.

4. Перадаць словамі, расказаць пра ўсё, многае. Хлопец прысеў, вывучае спеў тэлеграфных слупоў. Мо перакажа калісьці гэты чароўны напеў... Машара. — На маіх вачах тут адбыліся такія змены, што і не перакажаш. Прокша. Стары пражыў такое жыццё, што аб ім і за дзень не перакажаш. Сабаленка.

5. Расказаць усё, многае. Гуляючы ў жытніх палетках, Рудольф пераказаў кампаніі шмат эпізодаў з рэвалюцыйнага жыцця. Гартны.

6. Абл. Назваць, пералічыць. — Камсамолкі, у ячэйку ідуць на заняткі! Тутэйшыя! — і я пераказаў па парадку чые яны. Нікановіч.

перака́званне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. пераказваць — пераказаць.

перака́звацца, ‑аецца; незак.

Зал. да пераказваць.

перака́зваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да пераказаць.

перака́зчык, ‑а, м.

Разм. Той, хто пераказвае што‑н. (прачытанае або пачутае).

перака́зчыца, ‑ы, ж.

Разм. Жан. да пераказчык.

перакалаці́цца, ‑лачуся, ‑лоцішся, ‑лоціцца; зак.

Разм.

1. Калаціцца некаторы час. Маёр курыць цыгарэту, і яму падсунуў пачак, але Андрэй не ўзяў. Яму крыху моташна. Пакуль везлі сюды — перакалаціўся. Арабей. — Як настане дзень, — гаварыла Гануля, — дык уся перакалоцішся. Як толькі скажуць: «немцы»!, хапаеш дзяцей і ў лес. Гурскі.

2. Перастаць, скончыць калаціцца.

перакалаці́ць, ‑лачу, ‑лоціш, ‑лоціць; зак.

Разм.

1. што. Трасучы, абіваючы, акалаціць усё, многае. Дзеці перакалацілі ўсе яблыкі ў садзе.

2. што. Абмалаціць нанава, яшчэ раз; перамалаціць, перабіць. Перакалаціць снапы аўса.

3. што. Абмалаціць усё, многае.

4. што. Трасучы, пераварочваючы, перабраць, перагледзець у пошуках каго‑, чаго‑н. Паліцыянты перакалацілі, перавярнулі ўсё дагары нагамі, але нічога і нікога не знайшлі. Сабаленка.

5. безас. каго. Перастаць, скончыць калаціць (у 2 знач.).

перакале́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм. Перамерзнуць, перазябнуць. [Сцяпан Віктаравіч:] — У самую халадэчу, вяртаючыся з вёскі, я здорава такі перакалеў. Паслядовіч.

перакале́чаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад перакалечыць.