Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

перадыслацы́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак.

Зрабіць, правесці перадыслакацыю.

перады́х, ‑у, м.

Разм. Тое, што і перадышка. Аднак тут у гаворку ўступаецца Чарнушка. — Дай ты чалавеку перадых. Мележ. Потым Цапка нешта нібы скаланула, ён загаварыў хутка, амаль без перадыху. Сачанка. [Дождж] усё лета хвошча без перадыху. Грахоўскі.

перадыха́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да перадыхнуць (у 2 знач.).

перадыхну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. Зрабіць глыбокі ўдых і выдых; перавесці дух. Юра перадыхнуў, быццам яму не хапала паветра. Якімовіч.

2. Зрабіць кароткі перапынак для адпачынку ў час хадзьбы, працы і пад. Рукі пачыналі млець і ныць ад стомленасці, цягнула хоць трошачкі перадыхнуць, на нешта абаперціся. Кулакоўскі. Адразу, не перадыхнуўшы пасля доўгага пераходу, кінуліся [танкісты] ў бой. Мележ. Усё часцей і часцей садзіліся птушкі, каб перадыхнуць — давалася ў знакі стома. Клышка.

перады́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

Невялікі перапынак для адпачынку. Андрушка не даваў сабе і аднае хвіліны перадышкі. Лобан. [Пятро] пераканаў сябе, што зрабіў больш, чым сябры, а таму мае права на перадышку. Шамякін. // перан. Часовае спыненне якой‑н. дзейнасці. Тыдні два .. [вучні] старанна паўтаралі пройдзенае за зіму, пісалі дыктоўкі, практыкаваліся ў граматычным разборы, рашалі задачы. Нарэшце настаўнік даў ім перадышку. Колас.

перадэкзаменацы́йны, ‑ая, ‑ае.

Які бывае перад экзаменам, папярэднічае экзамену. Перадэкзаменацыйныя кансультацыі.

перае́дзены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пераесці.

перае́зд, ‑у і ‑а, М ‑дзе, м.

1. ‑у. Дзеянне паводле дзеясл. пераехаць (у 1, 3 знач.).

2. ‑а. Месца, дзе можна пераехаць цераз што‑н. Як калісьці, і сёння тут натоўпам стаялі прымкнутыя і непрымкнутыя лодкі. Бо з гэтага пераезда лягчэй за ўсё трапіць у бліжэйшыя засажоўскія вёскі. Кірэенка. — Зрабіце пераезд цераз траншэі, — папярэдзіў Саўка. Федасеенка. // Месца перасячэння чыгуначных пуцей шасейнай дарогай. Гэта быў звычайны чыгуначны пераезд, якіх шмат параскідана на сталёвых шляхах зямлі. Быкаў. Не ідзе, а ляціць паравоз, і толькі мільгаюць паабапал пераезды, слупы, паласатыя вёрсты. Лынькоў.

перае́зны, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да пераезду. Пераезны светафор. Пераезны вартаўнік.

•••

Пераезная свацця гл. свацця.

перае́мнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць пераемнага. Пераемнасць літаратурных традыцый. □ Кожны новы перыяд у развіцці мастацкай літаратуры.. звязаны гістарычнай пераемнасцю з папярэднім перыядам. Барысенка.