раззнаёміць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; зак., каго.
Разм.
1. Прывесці да зрыву знаёмства з кім‑н.
2. Перазнаёміць з усімі, многімі.
раззнаёмлівацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да раззнаёміцца.
раззы́кацца, ‑аецца; зак.
Разм. Пачаць моцна і доўга зыкаць. На беразе раззыкаліся авадні і розная іншая драбяза. Якімовіч.
разлага́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да разлажыцца 2 (у 2 і 3 знач.).
2. Зал. да разлагаць.
разлага́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да разлажыць 2 (у 2 знач.).
разлаго́дзіць, ‑годжу, ‑годзіш, ‑годзіць; зак., каго.
Разм. Зрабіць лагодным, больш лагодным. — Ну чаго, чаго ты так маркоцішся? — змяніла тон Адэля і абняла яго.. — і гэтым разлагодзіла бацьку. Броўка.
разлаго́днець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Разм. Паддацца лагоднасці, стаць лагодным, ласкавым. Васіль развесяліўся, разлагоднеў, быццам не ён сам, а Хведар зрабіў яму даўно жаданую ласку. М. Стральцоў.
разла́д, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Адсутнасць адзінства, адпаведнасці, згоднасці. Душэўны разлад. □ Пісьменнік [Янка Брыль] трапна паказаў сацыяльны разлад паміж бацькамі і дзецьмі, разлад, які канчаткова і беспаваротна загубіў бацькоў-мукасеяў. Майхровіч.
2. Нязгода, нелады; раздор. У разладзе, які з прыходам Просі пасяліўся ў Антосевай сям’і, відавочна выяўлялася нейкая памылка: толькі — якая? чыя? Васілевіч. Пакутуючы ад разладу з Лёдзяй, .. [Юрка] цэлую ноч прыдумваў самыя неверагодныя кары сабе і Севу. Карпаў.
разладава́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; зак., што.
Вызваліць ад грузу; разгрузіць. Пакуль падняць і адвалачы вагоны, трэба раней разладаваць, муку адправіць на бліжэйшую станцыю. Карпюк.
разла́ддзе, ‑я, н.
Разм. Тое, што і разлад. [Ігнась] міжвольна азірнуўся на [віноўнікаў] свайго душэўнага разладдзя. Мурашка.