немаёмны, ‑ая, ‑ае.
Які не мае сродкаў для існавання; бедны. Немаёмныя класы.
немажлі́ва, безас. у знач. вык.
Тое, што і немагчыма.
немажлі́вы, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і немагчымы (у 1 знач.).
немазлі́вы, ‑ая, ‑ае.
Які не пэцкаецца. Немазлівая тканіна.
немалава́жнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць немалаважнага.
немалава́жны, ‑ая, ‑ае.
Даволі важны, значны. З размоў.. [Анатоль] вынес адну немалаважную акалічнасць: будаваць камунізм без свядомых адносін да працы нельга. Асіпенка. Немалаважную ролю ў пашырэнні ўсяго новага, перадавога маглі б адыграць асабістыя сустрэчы спецыялістаў. «Звязда».
немалады́, ‑ая, ‑ое.
Сярэдніх год; пажылы. Немалады ён — мой равеснік, Але рухавы, як юнак. Колас. Шафранскі быў чалавек ужо немаладога веку, трошкі грузнаваты. Сабаленка. — Што гэта, дзядзька? — запытаў Анатоль у немаладога ўжо, з мноствам зморшчынак на буйным твары суседа. Мыслівец.
немале́нькі, ‑ая, ‑ае.
Досыць вялікі, значны. Немаленькая зарплата.
немалы́, ‑ая, ‑ое.
1. Даволі вялікі, значны па велічыні, памерах, колькасці. Немалыя грошы. □ Немалую дарогу прайшлі мы Па чужой і па роднай зямлі. Колас. — Колькі сёння атрымана патронаў? — запытаўся камандуючы. І хоць начальнік тыла назваў немалую лічбу, камандуючы быў незадаволены. Мележ. // Даволі працяглы (пра тэрмін, час і пад.). Чатыры гады — немалы час. Чарнышэвіч.
2. Значны па сіле, інтэнсіўнасці, глыбіні праяўлення. Немалая радасць. □ Рух узняўся за лесам І лязгат, і гром немалы. Куляшоў.
3. Які мае даволі вялікае значэнне, аўтарытэт у грамадстве; значны, важны. Сярэдні чыноўнік губернскіх канцылярый або немалы чын на чыгунцы заўсёды будаваў сабе пад старасць такі дом. Чорны.