Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

разжы́цца, ‑жывуся, ‑жывешся, ‑жывецца; ‑жывёмся, ‑жывяцеся; зак.

Разм.

1. на чым і без дап. Нажыцца, разбагацець. Той дынар быў шчаслівай манетай. І хцівец смярдзючы З дапамогай яго аграбаў сабе золата, срэбра і медзь, І разжыўся, і стаў неўміручы. Караткевіч. Антон Баравіцкі.. так і не разжыўся на вясельных заработках. Вітка.

2. Пачаць жыць няблага, стаць матэрыяльна забяспечаным. Пасля вайны Якуб У зямлянцы нейкі час туліўся. Затым крыху разжыўся І збудаваў сабе ён новы зруб. Валасевіч. [Аляксандр] папрасіў на першы час за адработкі, а як разжывуцца, у арэнду кавалачак зямлі. Грахоўскі.

3. на што, чым, чаго. Дастаць, раздабыць што‑н. Перад сканчэннем школы цераз старэйшага брата разжыўся на тыя самыя кніжкі і я. Лужанін. Нам удалося разжыцца старой заржавелай вінтоўкай, якую мы ўтраіх чысцілі і прыводзілі ў належны выгляд цэлы дзень. Навуменка. — На першы раз невялікае трэба, — сказаў вайсковец. — Чайку мы ў вас, гаспадынька, не разжывёмся? Сабаленка.

разжэ́ньвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да разжаніцца.

разжэ́ньваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да разжаніць.

раззалаці́ць, ‑лачу, ‑лоціш, ‑лоціць; зак., каго-што.

Густа пакрыць пазалотай.

раззало́чаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад раззалаціць.

2. у знач. прым. Густа пакрыты, убраны пазалотай. Зоркія, крыху прыжмураныя вочы [У.І. Леніна] імгненна ахапілі ўсю раззалочаную Андрэеўскую залу. «Работніца і сялянка».

раззбрае́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. раззбройваць — раззброіць і раззбройвацца — раззброіцца.

раззбро́ены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад раззброіць.

раззбро́іцца, ‑роюся, ‑роішся, ‑роіцца; зак.

1. Зняць з сябе зброю; вызваліцца ад сродкаў узбраення. Армія раззброілася.

2. перан. Адмовіцца ад барацьбы, страціць волю да барацьбы.

раззбро́іць, ‑рою, ‑роіш, ‑роіць; зак., каго-што.

1. Адабраць у каго‑н. зброю; пазбавіць каго‑, што‑н. сродкаў узбраення. Адна з такіх успрынятых па-рознаму вестак была весць аб тым, што грамада арыштаваных сялян раззброіла польскі канвой і разбеглася па лясах. Колас.

2. перан. Пазбавіць магчымасці змагацца, пярэчыць і пад.; уціхамірыць. Непадроблены тон .. голасу [трэнера] мяне раззброіў, і я, забыўся на абразы. Карпюк.

раззбро́йванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. раззбройваць — раззброіць і раззбройвацца — раззброіцца.