Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

гатава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад гатаваць.

2. у знач. прым. Кіпячоны. Сырой вады Уладзік, ахоўваючы здароўе, не піў, у яго заўсёды была ў запасе гатаваная. Колас.

гатава́цца, ‑туюся, ‑туешся, ‑туецца; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Варыцца (пра ежу). На кастры ў чыгунку гатавалася юшка. Гамолка. // Кіпець, кіпяціцца (пра ваду, чай).

2. да чаго або з інф. Разм. Рыхтавацца да чаго‑н., наважвацца зрабіць што‑н. Гатавацца да ад’езду. // Вывучаць што‑н., рыхтавацца да якой‑н. дзейнасці. Новае месца, новыя людзі і тая работа ў школе, якую трэба было распачынаць на гэтых днях і да якой .. [Лабановіч] так доўга гатаваўся, — усё гэта займала яго думкі, і яму было лёгка і добра. Колас.

3. Зал. да гатаваць.

гатава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; заг. гатуй; незак., што.

1. Варыць, рыхтаваць ежу. Вячэра, якую гатавала Вера, яшчэ не зварылася. Мікуліч. А маці старалася і яду гатаваць госцю лепшую, не зважаючы на яго пратэсты. Колас. // Кіпяціць (ваду, чай).

2. Разм. Рыхтаваць, прыводзіць што‑н. у прыгодны для выкарыстання стан. Гатаваць насенне да пасеву. □ Я па вуліцы крочу. Калгаснік-сусед Воз вязе, поўна збожжам нагружаны. Расчыняйце вароты, гатуйце засек, Сустракайце вясёлымі ружамі! Панчанка. // Рабіць запас чаго‑н.; нарыхтоўваць. Гатаваць дровы на зіму.

гато́вы, ‑ая, ‑ае; гатоў, гатова.

1. Які падрыхтаваўся да чаго‑н., зрабіў усе неабходныя прыгатаванні. Усе гатовы да выканання заданняў. □ Святлану з нецярплівасцю чакала гатовая ў дарогу сям’я. Шахавец.

2. на што або з інф. Ахвочы, схільны зрабіць што‑н., згодны на што‑н. За свет новы Мы гатовы І на бой пайсці суровы Супроць чорнай зграі. Колас. // з інф. Які знаходзіцца ў стане, блізкім да чаго‑н. Варожае кола навокал раёна ўжо сцягвалася, звужалася і неўзабаве гатова было замкнуцца. Чорны.

3. Падрыхтаваны, прыгодны да выкарыстання. На станцыі стаяў ужо гатовы да адпраўкі цягнік. Лынькоў. // Канчаткова зроблены, закончаны ў сваёй вытворчасці. Гатовая дэталь. □ Удар за ўдарам, удар за ўдарам, і вось на кавадле ляжыць амаль гатовы лямеш. Курто. // Загадзя абдуманы, падрыхтаваны (пра думку, фразу і пад.). Гатовае паняцце. Гатовая схема. / у знач. наз. гато́вае, ‑ага, н. Згодаю двор збудуеш, а нязгодаю — гатовае разгубіш. Прыказка.

4. толькі кар. ф., у знач. вык. Разм. Вырашае канчатковы вынік якога‑н. дзеяння або стану і ужываецца ў значэннях: а) памёр, сканаў; б) зусім п’яны. Ужо гатоў, напіўся! // безас. Усё закончана, канец. — Атрымалася проста: вылецеў цецярук, я бац — і гатова! Гамолка.

•••

Будзь гатоў! — вітанне піянераў пры сустрэчы; Заўсёды гатоў! — адказ на такое вітанне; дэвіз.

Гатоў скрозь зямлю праваліцца — выраз, які азначае моцнае жаданне знікнуць, схавацца куды‑н. ад сораму, страху і пад.

На ўсім гатовым — на поўным забеспячэнні, ні аб чым не клапоцячыся (жыць, быць і пад.).

Раз-два і гатова гл. раз.

гато́ўка, ‑і, ДМ ‑тоўцы, ж.

Разм. Наяўныя, назапашаныя грошы. — Тварыцкі, кажа, бедніцца і стогне, а каня адразу купіў. Нейкую, відаць, гатоўку мае. Чорны.

гато́ўнасць ‑і, ж.

1. Стан гатовага (у 1 знач.); падрыхтаванасць. Баявая гатоўнасць. □ Змена, стаўшы на пост, рапартуе аб поўнай гатоўнасці стаяць да канца. Брыль.

2. Згода, жаданне рабіць што‑н. Ігнат глянуў на хлопцаў. Тыя шчыра выказалі сваю гатоўнасць пайсці разам з бацькам на любую справу. Кавалёў.

гату́нак, ‑нку. м.

Разрад, катэгорыя якога‑н. тавару па якасці, расцэнцы і пад.; сорт. Мука першага гатунку. Чай вышэйшага гатунку. □ У.. [Алтара] ёсць дарагое сукно лепшага гатунку, тоненькае, як шоўк. Чарнышэвіч. // Разнавіднасць якога‑н. тавару. Цукеркі розных гатункаў. □ Стол, як ёсць, быў завален пірагамі, бабкамі, мясам розных гатункаў і рознага прыгатавання. Колас.

[Польск. gatunek з ням.]

гатунко́васць, ‑і, ж.

1. Прыналежнасць да таго ці іншага гатунку (пра тавары, вырабы). Вызначыць гатунковасць прадукцыі.

2. Прыналежнасць да высокага, каштоўнага гатунку.

гатунко́вы, ‑ая, ‑ае.

Які належыць да таго ці іншага гатунку (пра тавары, вырабы). Гатунковае шкло. Гатунковая мука.

гаты́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да готыкі. Гатычная архітэктура. // Уласцівы готыцы; выкананы ў стылі готыкі. Гатычны замак. □ Вулкі, завулкі — старая Рыза. Гатычных дахаў спічасты строй. А. Вольскі.

•••

Гатычны шрыфт гл. шрыфт.