Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

распя́цца, разапнуся, разапнешся, разапнецца; разапнёмся, разапняцеся; зак.

Разм. Раскінуць рукі або крылы крыжам; раскінуцца. Сашка рвануў к сабе дзверцы і раптоўна адхіснуўся ад нечаканасці: бацька распяўся цераз усю машыну галавой у дзверцы, і на дробным яго твары ажывала і шырылася ветлівасць. Чорны. Распяўся кажан у падстрэшшы. Пугач вірлавокі дрэмле. Барадулін.

распя́цце, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. распяць.

2. Крыж з фігурай распятага Хрыста, а таксама фігура распятага Хрыста. Пра тое, што гаспадыня была вельмі набожная, сведчыў доўгі рад ікон з металічным распяццем. Ракітны. Высокі крыж з распяццем хіліўся на бок. Колас.

распя́ць, разапну, разапнеш, разапне; разапнём, разапняце; зак., каго-што.

1. Прыбіць цвікамі да крыжа рукі і ногі (старадаўні спосаб пакарання). Дрот калючы. Вышак многа. Кулямётчыкі не спяць. Спевакоў за песню могуць На крыжы распяць. Маляўка.

2. Расправіўшы, туга нацягнуць. Добра, што Кастусь, які ехаў па малако, захапіў брызент: распялі яго, прымацаваўшы да калёс, і так пратрымалі больш гадзіны над ягнятамі. Васілевіч.

распяча́таны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад распячатаць.

2. у знач. прым. Адкрыты, расклеены (пра пісьмо, пакет). Аляксей дастае з кішэні шыняля распячатаны канверт. Жычка.

распяча́тацца, ‑аецца; зак.

Адкрыцца, расклеіўшыся (пра што‑н. заклеенае, запячатанае). Пакет распячатаўся.

распяча́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Адкрыць, зняўшы пячаць або тое, чым запячатана што‑н. Распячатаць склад. // Раскрыць што‑н. заклеенае, запячатанае (пісьмо, пакет). Як толькі Андрэй апынуўся адзін, ён распячатаў канверт. Колас. Я нервова распячатаў пакет, адтуль выпала фотакартка Люды з надпісам: «Майму каханаму дурню». Дуброўскі.

распяча́тванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. распячатваць — распячатаць.

распяча́твацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да распячатацца.

2. Зал. да распячатваць.

распяча́тваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да распячатаць.

рассаба́чыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.

Разм. Разбэсціцца, распусціцца. І так рассабачыўся [Пракоп], што пасля ўжо куды сам захоча, туды і ідзе. Вітка.