Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пераздыма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да перазняць.

перазды́мка, ‑і, ДМ ‑мцы, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. пераздымаць — перазняць і пераздымацца — перазняцца.

перазімава́ць, ‑мую, ‑муеш, ‑муе; зак.

1. Пражыць, перабыць зіму, застацца дзе‑н. на зіму. [Галя] канчаткова вырашыла: прабыць яшчэ якое лета, перазімаваць зіму, а на вясну, калі цёпла стане, падацца адсюль. Сабаленка. — Я вы[к]лапатаў на зіму месца ў бараку. На цябе і на сябе .. Народу хоць многа там, але перазімаваць там можна будзе. Чорны.

2. Перанесці зімнюю сцюжу (аб жывёлах, раслінах). Перазімавала ж .. [збажына] пад тоўстай снежнай коўдрай добра — ніводнай вымаклай лапінкі не відаць. Шымук.

перазімо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Разм. Незак. да перазімаваць.

перазімо́ўка, ‑і, ДМ ‑моўцы, ж.

Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. перазімоўваць — перазімаваць.

перазірну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

Разм. Абмяняцца позіркамі; пераглянуцца. [Дзямід Сыч:] — Якаў Донька тут? — Усе перазірнуліся. За Доньку чамусьці весела адказаў Міхаль Павіцкі. Паслядовіч.

перазме́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Прадугледжаная графікам работы прадпрыемства замена рабочых адной змены рабочымі наступнай змены. Гарэў зялёны агеньчык спераду машыны, але таксі не спынялася, і я злаваў, пакуль не здагадаўся, што недзе тут блізка таксапарк і што машыны, мусіць, ідуць на перазменку. М. Стральцоў. Пры такім спосабе значна менш траціцца часу на перазменкі, на здачу-прыёмку інструментаў. «ЛіМ».

2. Разм. Тое, што і змена (у 5 знач.). [Антон:] — Трэба купляць новыя боты — на перазменку. Савіцкі.

перазнаёміцца, ‑млюся, ‑мішся, ‑міцца; зак.

Пазнаёміцца з усімі, многімі або паміж сабою. Расказваючы аб дарожных прыгодах, таўстун звяртаўся то да аднаго, то да другога пасажыра, і неяк само так выйшла, што ў купэ ўсе хутка перазнаёміліся. Васілёнак.

перазнаёміць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; зак., каго.

Пазнаёміць паміж сабою ўсіх, многіх або каго‑н. аднаго з усімі, многімі. [Зося] зноў пачала бегаць то ў хату, то на веранду. Між гэтай справай сумела ўсіх перазнаёміць. Ваданосаў.

перазніма́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. перазнімаць — перазняць і перазнімацца — перазняцца.