перадплюснявы́, ‑ая, ‑ое.
Які мае адносіны да перадплюсны. Перадплюснявыя косці.
перадпо́лле, ‑я, н.
Спец. Паласа ўмацаванняў перад галоўнай пазіцыяй абароны пры адсутнасці непасрэднага кантакту з праціўнікам.
перадпускавы́, ‑ая, ‑ое.
Які бывае перад пускам, папярэднічае пуску якога‑н. прадпрыемства. Перадпускавы перыяд. Перадпускавыя дні.
перадрабні́ць, ‑драбню, ‑дробніш, ‑дробніць; зак., што.
Разм.
1. Здрабніць усё, многае.
2. Зрабіць занадта дробным.
перадра́жніванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. перадражніваць — перадражніць.
перадра́жніваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да перадражніць.
перадражні́ць, ‑дражню, ‑дражніш, ‑дражніць; зак., каго і без дап.
Падрабляючыся пад каго‑н., падаць у наўмысна смешным, з’едлівым тоне, выглядзе чые‑н. рухі, голас, мову і пад. — Бу-бу-бу-бу! — перадражніла Лідзін голас Люся. Карпюк. — Расказвалі, — няпэўна сказаў чырвонаармеец. — «Расказвалі», — перадражніў Чыжык. — Расказваць усякае могуць. Лупсякоў.
перадра́кавы, ‑ая, ‑ае.
Які папярэднічае захворванню на рак. Перадракавая пухліна.
перадрама́ць, ‑драмлю, ‑драмлеш, ‑дрэмле; зак., што і без дап.
Разм. Прабыць нейкі час у стане дрымоты. Перадрамаць гадзіну. □ Максімка паставіў Буланчыка ў хлеў і, ідучы ў дом, рашыў.. нікому не пападацца на вочы, як-небудзь ціх[е]нька перадрамаць ноч і назаўтра скарэй ехаць дадому. Чорны.
перадра́нішні, ‑яя, ‑яе.
Які бывае перад раніцай, папярэднічае раніцы. Дзе-нідзе з перадранішняга змроку вынікалі вёскі. Колас. Агню ў хаце не было, увесь двор спаў глыбокім перадранішнім сном. Дамашэвіч.