гастры́т, ‑у, М ‑рыце, м.
Запаленчае захворванне слізістай абалонкі страўніка. Востры гастрыт. Хранічны гастрыт.
[Ад грэч. gastēr — страўнік.]
гастры́чны, ‑ая, ‑ае.
Страўнікавы. Гастрычнае захворванне.
гасуда́р, ‑а, м.
Гіст. Галава манархічнай дзяржавы; цар, імператар.
гасці́на, ‑ы, ж.
Нар.-паэт. і абл.
1. зб. Госці. Па бяседзе.. уся гасціна высыпала на двор. Вітка.
2. Прыём гасцей, частаванне. Усяго стаяла досыць для гасціны: Нават мёд быў і чмяліны і пчаліны. Багдановіч.
3. Знаходжанне ў гасцях, гасцяванне. Два дні і дзве ночкі Быў Іван у гасціне, — У тузе-сумоце Пакінуў дзяўчыну... Чарот.
гасці́ная, ‑ай, ж.
Пакой для прыёму гасцей (у 1 знач.). Пісарава гасціная ярка асвятлялася дзвюма лямпамі. Колас. // Агульны пакой для адпачынку, прыёму наведвальнікаў у інтэрнатах, дамах адпачынку і пад. Усё тут зроблена для карыснага і добрага адпачынку, усё вабіць вока: утульныя палаты.., гасціныя, усланыя дыванамі. «Звязда».
гасці́нец 1, ‑нца, м.
Рэч, ласунак і пад., якія госць або блізкі падносяць каму‑н. як падарунак. Сцёпка паважна расчыніў чамадан і выняў адтуль вялікую суконную хустку — гасцінец для маткі. Колас. Поруч у дзвюх кадушках ляжалі пахучыя антонаўкі, чырванабокія, аж сіняватыя цыганкі, бары — гасцінцы дзецям на ёлку. Васілевіч.
гасці́нец 2, ‑нца, м.
Вялікая бойкая дарога, звычайна абсаджаная дрэвамі; шлях, тракт. Сама дарога — стары гасцінец — была абсаджана тоўстымі ліпамі ўперамежку з клёнамі і таполямі. Чарнышэвіч. Беларускія бярозы Абапал гасцінца Калыхалі думкі шумам Хлапчуку-ўкраінцу. Купала.
гасці́ніца, ‑ы, ж.
Дом з мэбляванымі пакоямі для часовага пражывання прыезджых. Пасяліцца ў гасцініцы.
гасці́нічны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да гасцініцы. Гасцінічная мэбля. Дом гасцінічнага тыпу.
гасці́ннасць, ‑і, ж.
Жаданне, гатоўнасць прыняць гасцей і пачаставаць іх; ветлівасць, сардэчнасць у абыходжанні з гасцямі. На твары [Дашчынскай] — бесклапотнасць і ветлівая гасціннасць гаспадыні, што ўзрадавана сябрам. Асіпенка. Пагасцілі госці Ды дзяўчыне кажуць: — Дзякуй за частунак, За гасціннасць вам. Русак.