Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

раз’е́нчыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.

Разм. Пачаць моцна і доўга енчыць. — А сам дык раз’енчыўся тут перада мною. Ты думаеш адно табе баліць? Усякаму баліць. Чорны.

разео́ла, ‑ы, ж.

Спец. Невялікая яркачырвоная пляма на скуры, якая паяўляецца пры такіх інфекцыйных захворваннях як адзёр, краснуха, тыф, воспа і пад.

[Новалац. roseola, памянш. ад roseus — ружовы.]

раз’е́сці, ‑есць; ‑ядуць; пр. раз’еў, ‑ла; зак., каго-што.

1. Разбурыць, прычыніць пашкоджанні чаму‑н. (пра едкія рэчывы). Кіслага раз’ела руку. □ Адклеіць газету ад вечка Міхалькова куфэрка не ўдалося: клей раз’еў паперу, яна ламалася. Жычка. // Скусаць да крыві.

2. перан. Разбуральна, пагібельна ўздзейнічаць на каго‑, што‑н. — Раз’ела цябе хцівасць, растачыла тваю душу гэта старая хвароба, як шашаль дрэва. Дуброўскі.

раз’е́сціся, раз’емся, раз’ясіся, раз’есца; раз’ядзімся, раз’ясцеся; пр. раз’еўся, ‑елася; заг. раз’ешся; зак.

Разм. Распаўнець ад залішняй, сытай ежы. — Ого, брат! Раз’еўся на панскіх харчах. Ты глянь, маці, як яго прэ ў рост. Хадановіч.

разе́та, ‑ы, М ‑зеце, ж.

Спец.

1. Тое, што і разетка (у 3 знач.).

2. Тып аграньвання каштоўных камянёў, пры якім аснова каменя застаецца плоскай.

[Фр. rosette.]

разе́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Сабраныя ў пучок стужка, тасьма, шнур і пад., якія служаць упрыгожаннем чаго‑н. Намітку накладвалі такім чынам, што распраўлены канец з вышытай разеткай спускаўся па левым плячы, а разетка была на ўзроўні пляча. «Помнікі». // Ордэнскі бант, які носяць у пятліцы.

2. Маленькі сподачак для варэння, мёду, цукру і пад. Седзячы ў качалцы, Кашына ўзяла лыжачку, разетку з варэннем і, пасмоктваючы агрэст, пачала расказваць навіны. Карпаў.

3. Элемент арнаменту ў выглядзе кветкі з аднолькавымі пялёсткамі (у мастацтве, архітэктуры). Цяжка было адвесці вочы ад высокага будынка, складзенага з тоўстых, амаль мядзяных, бярвенняў, якія месцамі былі прыкрыты белымі драўлянымі карункамі розных карнізаў, падаконнікаў, разетак і іншых разбярскіх цудаў. Рамановіч. Дошка [на акне] упрыгожваецца выразаным малюнкам, звычайна накладнога характару, у выглядзе ромбаў, разетак, віньетак, стылізаваных звяроў, птушак, кветак і лісця. «Беларусь».

4. Прыстасаванне для ўключэння асвятляльных, награвальных і іншых прыбораў у электрычны ланцуг. [Толя] стаяў каля сцяны і падключаў да электрычнае, разеткі трансфарматар. Шыловіч.

5. Спец. Група лістоў, якія скучана размешчаны пры самай зямлі па вертыкальным парастку.

6. Шкляны або папяровы абажур для электрычнай лямпы ў выглядзе раструба.

7. Шкляны, фарфоравы або металічны кружок з адтулінай у сярэдзіне, які засцерагае падсвечнік ад капель стэарыну, воску і пад.

[Фр. rosette.]

раз’е́хацца, ‑едуся, ‑едзешся, ‑едзецца; зак.

1. Пакінуць месца свайго знаходжання, ад’язджаючы ў розныя месцы — пра ўсіх, многіх. Госці раз’ехаліся, і Казімір Рэклайціс .. стаў жыць адзін, праводзячы час з парабкамі. Пестрак. МТС мае ўжо два дзесяткі трактараў, заўтра будуць створаны трактарныя брыгады, пад вечар яны раз’едуцца ў калгасы. Хадкевіч. // Ад’ехаць адзін ад дру гога ў розныя бакі. Каля дванаццатай гадзіны натоўп заўважыў, што некалькі коннікаў Чырвонай Арміі ці[шк]ом выехалі на наберажную і раз’ехаліся скрозь па ёй. Чорны. // Разм. Перастаць жыць разам. Развіталіся турысты. Думалі — раз’едуцца ў розныя бакі жартаўнік і ціхая прыгажуня. Ды не... Гроднеў.

2. Праязджаючы па адным шляху насустрач адзін аднаму, размінуцца. Раз’ехацца на дарозе. // Не зачапіць, аб’ехаць адзін аднаго пры сустрэчы. Вулачка такая вузкая, што нельга раз’ехацца.

3. Разысціся, рассунуцца ў розныя бакі (пра што‑н. звязанае, складзенае і пад.). Хіба адзін падымеш воз, калі ён перакуліўся? А калі, барані бог, ён яшчэ і раз’ехаўся і яго трэба перакладаць? Чарнышэвіч. // Разысціся ў розныя бакі, слізгаючы на гладкай, коўзкай паверхні. Лось нават не страпянуўся, асеў толькі ніжэй на снег; раз’ехаліся ў бакі па лёдзе пад ім ногі... Пташнікаў.

4. Разм. Рассунуцца ў бакі, утварыўшы прамежак, праход. Аўтобус спыніўся, і пярэднія дзверцы нячутна і мякка раз’ехаліся. Адамчык.

5. Разм. Разваліцца, падрацца ад доўгага ўжытку. Крэсла раз’ехалася. □ І левы бот разявіў рот — Раз’ехаліся боты! Блатун.

разе́ц, ‑зца, м.

1. Рэжучы інструмент для апрацоўкі металу, дрэва і іншых цвёрдых матэрыялаў. — [Жалеза] плыве пад разцом лёгка і мякка. Кулакоўскі. Пакуль не ступілася джала разца І рукі ад працы не зморацца, Я мушу пакінуць адбітак жыцця На камні, жалезе і золаце. Танк.

2. перан. Пра майстэрства, манеру, стыль якога‑н. скульптара.

3. Пярэдні зуб плоскай формы ў чалавека і некаторых жывёл. Губы прывычна сціскаюцца за разцамі, вушныя ракавіны шчыльна закрываюцца і, адапхнуўшыся ад берага моцнымі заднімі нагамі, .. [бабёр], як калодка, потырч бухае ў ваду. Брыль.

разжава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад разжаваць.

разжава́цца, ‑жуецца; зак.

Разм. Стаць разжаваным.