Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шарсця́нік, ‑а, м.

Працаўнік шарсцяной прамысловасці.

шарсця́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Баваўняная тканіна, якая нагадвае па знешняму выгляду шарсцяную.

шарсцяны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да шэрсці. Шарсцяное валакно. // Які знаходзіцца, змяшчаецца ў шэрсці. Шарсцяны воск. Шарсцяны тлушч.

2. Звязаны з перапрацоўкай шэрсці, з гандлем шэрсцю і пад., а таксама з вытворчасцю вырабаў з яе. Шарсцяная прамысловасць. Шарсцяная мануфактура.

3. Зроблены з шэрсці. Шарсцяныя ніткі. Шарсцяныя пальчаткі. □ Жанчына прапанавала Ўладзіміру Ільічу шарсцяную хустку, але ён адмовіўся. Гурскі.

шартрэ́з, ‑у, м.

Сорт моцнага духмянага лікёру; лікёр гэтага сорту.

[Ад геагр. назвы.]

ша́рханне, ‑я, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. шархаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Чулася моцнае шарханне венікам па бруку. Бядуля. Язэп неяк адразу пачуў гэтае нямоглае шарханне; вось толькі што не было яго і раптам паявілася. Асіпенка.

шархану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. Аднакр. да шархаць.

2. што. З шумам правесці па чым‑н., закрануць што‑н. Я тады суседні дуб крануў, Па ствалу ледзь грукнуў тапаром: Быццам бы пявучую струну Шархануў хто цвёрдым кіпцюром. Бялевіч.

шархаткі́, ‑ая, ‑ое.

Разм. Які ўтварае шорхат, шуміць, шапоча. Урэшце з кустоў вылезлі цьмяныя постаці ў шархаткіх плашч-палатках. Быкаў.

шархаце́нне, ‑я, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. шархацець, а таксама гукі гэтага дзеяння. Жураўліная песня .. злівалася з шолахамі лісту, з шархаценнем травы. Лынькоў.

шархаце́ць, ‑хачу, ‑хаціш, ‑хаціць; незак.

Разм. Утвараць шорхат, шум, шапацець пад уздзеяннем чаго‑н. Гумавыя колы шархацяць па жвіры. Шарахоўскі. Рэня змоўкла, і ў гэтай няёмкай цішы чуваць было, як шархаціць пад яе далонькай шурпатая кара, па якой яна раз-пораз праводзіла рукой. Лецка. Ля возера гусціўся чарот. Карычневыя яго мяцёлкі ціха пагойдваліся на ветры, а вузкія лісцікі шархацелі адзін аб адзін, і здавалася, быццам чарот некаму скардзіцца. Даніленка.

ша́рхаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Утвараць прыглушаны гук, шум. Мерна, роўна шархала .. [піла], уядалася ў крамяную белую моц дрэва. Мележ. Чуваць ненадакучлівы голас экскурсавода, і асцярожна шархае мноства .. ног... Брыль.