Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сырт, ‑а, М ‑рце, м.

Назва спадзістых водападзелаў у Заволжы, а таксама высакагорных пашаў на Цянь-Шані.

[Цюрк.]

сырцо́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сырцу, з’яўляецца сырцом. Сырцовая цэгла. // Зроблены з сырцу. Сырцовай пугаю ўсё сцёбаў каня. Мурашка.

сыры́, ‑ая, ‑ое.

1. Прасякнуты, насычаны вільгаццю; вільготны. Сырыя дровы. Сырое адзенне. □ Рыдлёўка была вельмі цяжкая. Відаць, наліпла зямля, сырая, непрасохлая гліна. Лынькоў. Досвітак быў халодны, і на ўсім ляжаў сыры малочны туман. Мыслівец. // З вялікай колькасцю дажджоў, ападкаў. Стаяла восеньская сырая пара. Дарогі зрабіліся што каша. Астрэйка. // Забалочаны, з вялікай колькасцю вільгаці ў глебе. Утульней развесілі голле Яліны ў нізінах сырых. Колас. Я спыніўся ў сырым рэдкім хмызняку і прыслухаўся. Нікановіч. / У народнай паэзіі — пастаянны эпітэт да слова «зямля». Абняўся з зямлёю сырой, Упаў ён [сын], ніколі не ўстане. Бялевіч.

2. Які не варыўся, не смажыўся, не кіпяціўся і пад. (аб прадуктах харчавання). Сырое мяса. Сырая вада. □ [Мікалай] слухаў радасна і прагна, смачна ядучы халодную бульбу з сырым салам. Шамякін. / у знач. наз. сыро́е, ‑ога, н. У мяшках наша начная здабыча. Мы з ёю маглі б даўно расправіцца, але баімся многа есці сырога. С. Александровіч.

3. Недавараны, недасмажаны, недапечаны. Сыры хлеб.

4. Неканчаткова выраблены. Сырое ліццё. // перан. Не да канца апрацаваны, не адшліфаваны як след (пра літаратурны твор. мову і пад.). У «Звяздзе» .. была надрукавана мая паэмка, праўда, сырая, расцягнутая. Лужанін.

•••

З зямлёю сырою ажаніцца гл. ажаніцца.

сыры́зна, ‑ы, ж.

Разм.

1. зб. Сырая або недаспелая садавіна і гародніна. Наесціся сырызны.

2. Што‑н. сырое, вільготнае. — Хлеб падышоў, — сказала аднойчы раніцай маці, — а пячы няма на чым — на дрывотні адна сырызна. Курто. // перан. Пра што‑н., не апрацаванае як след. [Колас:] — Ну, палепшу я радок ці два, гэта ж справы не ратуе. Сырызна застаецца сырызнай, мова нячыстая, верш недасканалы. Лужанін.

сыры́ца, ‑ы, ж.

Разм. Саматужна апрацаваная скура. Конь затупаў на месцы, закруціў галавою, бразгаючы цуглямі, а як круціўся, гойдалася ў сядле шырокае аканомава цела і сядло рыпела цупкай, новай яшчэ сырыцай. Галавач.

сырэ́ц, ‑рцу, м.

1. Не да канца выраблены або не ачышчаны прадукт. Спірт-сырэц. Шоўк-сырэц.

2. Тое, што і сыравіна. [Кравец:] — Ён [сын] інжынер там, дзе жалеза з сырцу выплаўляюць. Горы там, піша, страх. Чорны.

сырэ́ць, ‑эе; незак.

Станавіцца сырым (у 1 знач.). Але ад імжы гэтай вопратка сырве горш, чым ад сапраўднага дажджу. Шамякін.

сыска́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. сыскаць.

сыска́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад сыскаць.

сыска́цца, сышчуся, сышчашся, сышчацца; зак.

Разм. Знайсціся; адшукацца. [Ціток:] — Хто гэта к нам прыйшоў? — Прымак Марылін сыскаўся, — адказала цешча. Лобан. Толькі пасля вайны сыскаўся .. [Пракоп Сыс]. Але ж у калгасе не захацеў быць. Вітка.