Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

скалану́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад скалануць.

скалану́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. Задрыжаць, затрэсціся; страсянуцца, здрыгануцца. Калі [Труцікаў] садзіўся на выгнуты камель, бярозка яшчэ больш скаланулася, і лістоў апала ўжо многа. Кулакоўскі. І машына коціць па.. [дарозе] мякка, бясшумна, не скаланецца, не кінецца ўбок, не зарыпіць. Лынькоў. Будынкі зноў скалануліся, захісталіся ад блізкіх выбухаў. Быкаў. Зямля скаланулася. Гэта Таня ўзарвала шнурам міну. Новікаў. // перан. Ускалыхнуцца, ажывіцца. [Максім:] — Скаланулася сонная каламуць мужыцкіх дум. Машара.

2. Міжволі зрабіць рэзкі, сутаргавы рух; уздрыгнуць. Хацеў распранацца [Міця], але, убачыўшы ля печы белую постаць, скалануўся. Навуменка. [Грыша] ўспомніў, як плёхаўся па гразі, і аж скалануўся ўвесь. Пальчэўскі. Мокры да касцей Сымон, выйшаўшы з цёплага памяшкання, скалануўся, агорнуты халодным паветрам. Чарнышэвіч. // Моцна захвалявацца, затрапятаць. У Ксавэра Блецькі скаланулася душа: як усё павярнулася на свеце. Чорны.

скалану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.

1. Выклікаць дрыжанне, ваганне чаго‑н.; прымусіць трэсціся, дрыжаць; прымусіць здрыгануцца, страсянуцца. Страшэнны выбух скалануў хату. Сачанка. Уварваўся вецер, скалануў дах, дзверы. Сташэўскі. У гэтую ж хвіліну наваколле скаланулі грымоты. Кавалёў. Раптам магутны гул, усё нарастаючы, вырваўся з нетраў, скалануў горы. Шыцік. Песня нядоўга разлягалася над вёскай. Потым цішыню скалануў хлапечы рогат. Гроднеў. / у безас. ужыв. Вагон скаланула. □ Прасторы скаланула громам. Прануза. Разы са два машыну скаланула на выбоінах. Корбан. // перан. Ускалыхнуць, усхваляваць. Геройства «Ворага» скаланула Расію. Колас. Ён скалануў стары сусвет, Да камунізма шлях намеціў. Глядзім на Ленінскі партрэт І бачым спраў сваіх бяссмерце. Астрэйка. // Штуршкамі прывесці ў рух; патрэсці. Каб абтрэсці.. [яблыню], неабавязкова лезці на самое дрэва, варта толькі скалануць як след. Лупсякоў. Прачнуўся Даніла.., калі адчуў, што нехта моцна ўзяў яго за плечы і скалануў. Кулакоўскі. [Аўдоля:] — Што твой за бацька гэтакі! Узяў бы ты яго за бараду ды скалануў добра. Крапіва.

2. Кіўнуць, страсянуць; паварушыць. Юллян скалануў галавою. Вельмі шырокі, але прыгожы рот сціснуўся. Караткевіч. — Пабаішся, — скаланула плячыма маці. — З балкона зірнеш, і то галава кружыцца. Хомчанка.

3. Перамяшаць часцінкі вадкасці, страсянуўшы пасудзіну. Скалануць мікстуру.

4. перан. Ахапіць, авалодаць (пра пачуцці, думкі і пад.), вывеўшы з раўнавагі. Жаль, роспач, любоў скаланулі Сердзюка. Карпаў. Думка скаланула.. [Астапа], працвярозіла. Лынькоў. / у безас. ужыв. Міцю скаланула ад страшнай думкі: сляды! Навуменка. Гэтыя словы былі сказаны звычайным тонам, але Гендарсана ад іх скаланула. Чарнышэвіч. // Усхваляваць, узрушыць. Залатая ў сэрцы ёсць жыла, Дакапайся — яна не відна. Вершу трэба адстойная сіла, Каб душу скаланула да дна. Хведаровіч.

5. перан. Разм. Вымусіць каго‑н. аддаць што‑н.; патрэсці. [Хведар:] — Вот Ціток адной-другой пазычыць, а там Думскага скаланём. Будзе насенне. Лобан.

скалапе́ндра, ‑ы, ж.

Невялікая ядавітая жывёліна з класа мнаганожак, якая жыве ў цёплых краінах.

[Ад грэч. skolopendra — макрыда.]

скалатну́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад скалатнунь.

скалатну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

Разм. Тое, што і скалануцца. Не адзін раз скалатнуўся.. [параходзік] ад блізкіх выбухаў, якія побач узнімалі ўгору высокія слупы вады. Мележ. Андрэю зрабілася холадна, ён аж скалатнуўся. Пташнікаў.

скалатну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Разм. Тое, што і скалануць.

скалаці́ць, ‑лачу, ‑лоціш, ‑лоціць; зак.

Разм.

1. што. Скаламуціць. Ой, ляцелі гусі ды з-пад Белай Русі, Скалацілі в[а]ду ціхага Дунаю. Багдановіч. — Ой, гусі в[а]ду скалацілі ў рэчцы... — Дзявочы голас чуецца здалёк. Барадулін. Ляцеў птах, на ваду — бах. Вады не скалаціў і сам не паляцеў. (Снег). З нар.

2. каго-што. Моцна пабіць, збіць. [Ляснік мядзведзя] Скалаціў, змалаціў, Вытаўк, аддубасіў, Пад зарокам адпусціў, Каб да пчол не лазіў. Калачынскі. // Пабіць, знішчыць. То скалоціць град дазвання, То пажар, то недарод... Так і мучацца звычайна, Б’юцца рыбай з года ў год. Броўка.

3. перан.; каго-што. Стварыць, сабраць, арганізаваць. Мы тут брыгадку з маладняка скалоцім, — прыкладам пераканаем... Шынклер. [Ваўчок:] — Хіба не я скалаціў калектыў, вядомы на ўсю рэспубліку? Хадкевіч. Андрэй пабыў ужо ў Пярэжыры, недалёкай вёсцы, сустрэўся там са сваім аднадумцам Андрэем Крывашчокім, які таксама скалаціў невялікую групу, звязаную з мінскімі падпольшчыкамі. Кухараў.

скала́чванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. скалачваць — скалаціць.

скала́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да скалаціць.