скалануць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.

1. Выклікаць дрыжанне, ваганне чаго‑н.; прымусіць трэсціся, дрыжаць; прымусіць здрыгануцца, страсянуцца. Страшэнны выбух скалануў хату. Сачанка. Уварваўся вецер, скалануў дах, дзверы. Сташэўскі. У гэтую ж хвіліну наваколле скаланулі грымоты. Кавалёў. Раптам магутны гул, усё нарастаючы, вырваўся з нетраў, скалануў горы. Шыцік. Песня нядоўга разлягалася над вёскай. Потым цішыню скалануў хлапечы рогат. Гроднеў. / у безас. ужыв. Вагон скаланула. ▪ Прасторы скаланула громам. Прануза. Разы са два машыну скаланула на выбоінах. Корбан. // перан. Ускалыхнуць, усхваляваць. Геройства «Ворага» скаланула Расію. Колас. Ён скалануў стары сусвет, Да камунізма шлях намеціў. Глядзім на Ленінскі партрэт І бачым спраў сваіх бяссмерце. Астрэйка. // Штуршкамі прывесці ў рух; патрэсці. Каб абтрэсці.. [яблыню], неабавязкова лезці на самое дрэва, варта толькі скалануць як след. Лупсякоў. Прачнуўся Даніла.., калі адчуў, што нехта моцна ўзяў яго за плечы і скалануў. Кулакоўскі. [Аўдоля:] — Што твой за бацька гэтакі! Узяў бы ты яго за бараду ды скалануў добра. Крапіва.

2. Кіўнуць, страсянуць; паварушыць. Юллян скалануў галавою. Вельмі шырокі, але прыгожы рот сціснуўся. Караткевіч. — Пабаішся, — скаланула плячыма маці. — З балкона зірнеш, і то галава кружыцца. Хомчанка.

3. Перамяшаць часцінкі вадкасці, страсянуўшы пасудзіну. Скалануць мікстуру.

4. перан. Ахапіць, авалодаць (пра пачуцці, думкі і пад.), вывеўшы з раўнавагі. Жаль, роспач, любоў скаланулі Сердзюка. Карпаў. Думка скаланула.. [Астапа], працвярозіла. Лынькоў. / у безас. ужыв. Міцю скаланула ад страшнай думкі: сляды! Навуменка. Гэтыя словы былі сказаны звычайным тонам, але Гендарсана ад іх скаланула. Чарнышэвіч. // Усхваляваць, узрушыць. Залатая ў сэрцы ёсць жыла, Дакапайся — яна не відна. Вершу трэба адстойная сіла, Каб душу скаланула да дна. Хведаровіч.

5. перан. Разм. Вымусіць каго‑н. аддаць што‑н.; патрэсці. [Хведар:] — Вот Ціток адной-другой пазычыць, а там Думскага скаланём. Будзе насенне. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)