скалану́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. Задрыжаць, затрэсціся; страсянуцца, здрыгануцца. Калі [Труцікаў] садзіўся на выгнуты камель, бярозка яшчэ больш скаланулася, і лістоў апала ўжо многа. Кулакоўскі. І машына коціць па.. [дарозе] мякка, бясшумна, не скаланецца, не кінецца ўбок, не зарыпіць. Лынькоў. Будынкі зноў скалануліся, захісталіся ад блізкіх выбухаў. Быкаў. Зямля скаланулася. Гэта Таня ўзарвала шнурам міну. Новікаў. // перан. Ускалыхнуцца, ажывіцца. [Максім:] — Скаланулася сонная каламуць мужыцкіх дум. Машара.

2. Міжволі зрабіць рэзкі, сутаргавы рух; уздрыгнуць. Хацеў распранацца [Міця], але, убачыўшы ля печы белую постаць, скалануўся. Навуменка. [Грыша] ўспомніў, як плёхаўся па гразі, і аж скалануўся ўвесь. Пальчэўскі. Мокры да касцей Сымон, выйшаўшы з цёплага памяшкання, скалануўся, агорнуты халодным паветрам. Чарнышэвіч. // Моцна захвалявацца, затрапятаць. У Ксавэра Блецькі скаланулася душа: як усё павярнулася на свеце. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)