рамяне́ц, ‑нца, м.
Стужачны чарвяк, які паразітуе ў целе рыб і вадаплаўных птушак.
рамяство́, ‑а; мн. рамёствы, ‑аў; н.
Вытворчасць якіх‑н. вырабаў ручным саматужным спосабам з дапамогаю простых прылад. Ганчарнае рамяство. □ Непадалёк ад нас жыла сястра маёй маці з мужам шаўцом — саматужнікам, у якога я стаў вучыцца рамяству. А. Александровіч. // Прафесія, занятак. [Астап:] — Ах ты, кажу, падшыванец!.. Не хочаш вучыцца — дык асвойвай бацькава рамяство, садзіся за машыну і круці баранку. Капусцін.
рэ́мень, ‑меня і раме́нь, ‑мня, мн. рамяні, ‑ёў; м.
1. Доўгая паласа вырабленай скуры. За плячыма была вялікая паходная сумка, на рэмені вісела стрэльба. Самуйлёнак. Моцна скруцілі Міколу рукі назад, аж уеліся рамяні ў цела. Лынькоў. // Скураны пояс, папруга. Стары туга падпяразваўся рэменем, акуратна заліў сваю бараду і выглядаў куды маладзейшым за свае гады. Шчарбатаў. Кастусь адразу падняўся з зямлі, правёў пальцамі пад рэменем, абцягваючы гімнасцёрку на сваёй тонкай .. паставе. Ваданосаў.
2. Доўгая паласа вырабленай скуры або моцнай тканіны, якая служыць для перадачы руху ад аднаго шківа да другога. Прывадны рэмень.
3. толькі мн. (рамяні́, ‑нёў). Прыстасаванне для ўвязвання і пераноскі ручнога багажу, якое ўяўляе сабой дзве злучэння перамычкай палоскі скуры або моцнай тканіны са спражкамі. А на іншых ложках — яны яшчэ пахлі свежай фарбай, — ляжалі перавязаныя рамянямі клумкі. Шахавец.