нездавальня́ючы, ‑ая, ‑ае.
Які не адпавядае пэўным патрабаванням: дрэнны. Нездавальняючыя вынікі. Нездавальняючыя веды.
нездаво́ленасць, ‑і, ж.
Стан нездаволенага, яго пачуцці, перажыванні. У голасе Просі прагучала нездаволенасць. Васілевіч. — Э-э, пачакай, — не тоячы нездаволенасці, сказаў Ваўчок. — Ты хочаш, каб табе ўсё падалі адразу. Хадкевіч. У душы Яўгена Данілавіча расла нездаволенасць Карніцкім. Паслядовіч.
нездаво́ленне, ‑я, н.
Разм. Тое, што і нездавальненне. Па твары.. прабегла ледзь улоўная рыса нездаволення. Гурскі.
нездаво́лены, ‑ая, ‑ае.
Які адчувае нездавальненне. Бушмар стаяў, як жывы, у .. [Аміліных] вачах, з ссунутымі брывамі, нездаволены, упарты... Чорны. // Які не атрымаў задавальнення ад каго‑, чаго‑н. Толькі мы адплылі, як да буфетнай стойкі падышоў пахмурны, нечым нездаволены пасажыр. В. Вольскі. Пані Ганна была вельмі нездаволена паводзінамі дзяцей. Бядуля. // Які выражае нездавальненне. Нездаволены позірк. Нездаволены голас. Нездаволены выраз твару.
нездага́длівасць, ‑і, ж.
Уласцівасць нездагадлівага. [Сцёпка:] — Нядаўна мяне бачыў старшыня калгаса. Прызнацца, пачырванець прыйшлося перад ім. І за што — за нашу нездагадлівасць! Гамолка.
нездага́длівы, ‑ая, ‑ае.
Няздольны хутка здагадвацца, прымаць правільнае рашэнне; някемлівы. — Дай ножык! — Навошта? — спытаў Юра. — Які ты нездагадлівы! — адказала маці, але сын ужо ўсё зразумеў. Гарбук.
нездаля́шчы, ‑ая, ‑ае.
Абл. Слабы, хваравіты. [Ёўга], старэнькая, нездаляшчая, сядзела насупраць сакратара.., які трымаў перад сабою нейкі лісток паперы, і па сухім маршчыністым твары яе каціліся слёзы. Сачанка. Калі яны — стары і малы — падымаюцца ўгору,.. адразу відаць, які нездаляшчы дзед. Даніленка.
нездарма́, прысл.
Разм. Не без падстаў, не без прычыны. Родная Балтыка! Сінь... Маякі... Любяць цябе Нездарма маракі. Жычка. [Шынкевіч:] — Нас выклікаюць у абком. — Ого! — устрапянуўся Каліта.. — Нездарма інструктар абкома сядзеў у нас цэлы тыдзень. Паслядовіч. // З намерам, не так сабе. Гамрэкелі зразумеў, што Саламон толькі прыкідваецца п’яным і што гэтую гулянку ён завёў нездарма. Самуйлёнак. Міхал адчуваў: механік падышоў нездарма, яму карціць пра нешта расказаць, ды не можа асмеліцца. Карпаў.
нездаро́віцца, ‑віцца; безас. незак.
Пра адчуванне недамагання. — Адпусціў бы, Міхаль, ты мяне дахаты, — кажу, — жонцы з вечара нездаровілася. Сачанка. — Можа, табе нездаровіцца? — пасля кароткага маўчання пытае Лабановіч. Ліда нічога не адказвае. Колас.
нездаро́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які недамагае, хварэе на што‑н.; хворы. [Падліпскі:] — Дадому вярнуўся нездаровы і нядужы, тыдні тры адляжаў у пасцелі. Адамчык. — Паедзем сёння, — стаяла на сваім Надзейка. — Дома нас чакаюць, дый Сымонка нездароў. Гурскі. // Які сведчыць аб нездароўі. Лялькевіч выпіў, з’еў гарачай бульбы, і бледны твар яго пакрыўся нездаровымі чырвонымі плямамі. Шамякін.
2. Шкодны для здароўя. Нездаровы клімат. □ Загорскі абводзіў вачыма каморку. Нездаровая. Пад самым дахам. Улетку, відаць, горача, узімку холадна. Караткевіч.
3. перан. Шкодны ў грамадскіх і маральных адносінах. Нездаровыя настроі. Нездаровая крытыка.