Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

недагаво́ранасць, ‑і, ж.

Няпоўнае выказванне, замоўчванне чаго‑н.

недагаво́раны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад недагаварыць.

2. у знач. наз. недагаво́ранае, ‑ага, н. Тое, што не выказана; недагаворка. Да Міхася зноў прыйшла Таня дагаварыць недагаворанае раніцай. Машара.

недагаво́рванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. недагаворваць.

недагаво́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да недагаварыць.

недагаво́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Няпоўнае выказванне, у якім замоўчваецца што‑н. або маецца намёк на што‑н. — Можаце гаварыць усё, што думаеце, капітан, — прамовіў [Глівіц] як мага мякчэй. — Недагаворкі толькі шкодзяць. Навуменка. У кожным лісце былі намёкі, недагаворкі і шматкроп’і. Грахоўскі.

недага́рак, ‑рка, м.

Рэшткі чаго‑н. недагарэлага. У будане спакойна мне, Мільгае свечкі недагарак. Астрэйка. Амаль кожны падкідае ў агонь што-небудзь з рэштак паліва: то сухую галінку, .. то шышку, то недагарак. Кулакоўскі.

недагарэ́лы, ‑ая, ‑ае.

Які не згарэў поўнасцю. На свежай зімняй высецы валяліся недагарэлыя сукі і трэскі. Хомчанка.

недагле́джаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад недагледзець і недаглядзець.

недагле́дзець, ‑гледжу, ‑гледзіш, ‑гладзіць і недаглядзе́ць, ‑гляджу, ‑глядзіш, ‑глядзіць; ‑глядзім, ‑гледзіце; зак., каго-што і без дап.

Дапусціць памылку пры наглядзе за кім‑, чым‑н., не ўпільнаваць, не ўберагчы ад каго‑, чаго‑н. — Ледзь недагледзеў, не разлічыў паляўнічы, — і морж байдарку.. разам з паляўнічым перакуліць. Бяганская. Жанчына занятая. Трохі, відаць, недагледзела, па якой сцежцы пайшоў яе хлопец. Паслядовіч.

недагля́д, ‑у, М ‑дзе, м.

Недастатковы нагляд за кім‑, чым‑н. Па абодва бакі вуліцы стаялі цёмныя, шэрыя ад часу і недагляду, дамы. Галавач. // Памылка, промах, зробленыя з-за няўважлівасці, нядбайнасці. — Памылкі і недагляды бываюць, — апусціўшыся на крэсла і абмякшы неяк, прызнаў Ваўчок. Хадкевіч.