Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

варсі́стасць, ‑і, ж.

Уласцівасць варсістага. Варсістасць сукна.

варсі́сты, ‑ая, ‑ае.

Пакрыты ворсам; з густым ворсам. Варсістае сукно.

варсі́т, ‑у, М ‑сіце, м.

Спец. Штучная скура для верху абутку.

варсо́ўка, ‑і, ДМ ‑соўцы; Р мн. ‑совак; ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. варсаваць.

варся́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Высокая травяністая расліна сямейства варсянкавых, суквецце якой выкарыстоўваецца пры варсаванні.

варся́нкавыя, ‑ых.

Сямейства двухдольных раслін, да якога адносяцца варсянка, сівец, паўночнік і інш.

ва́рта ​1, ‑ы, ДМ ‑рце, ж.

1. Група людзей, прызначаная ахоўваць каго‑, што‑н. На ўсіх дарогах, якія вялі ў атрад, была пастаўлена ўзмоцненая варта. Сіняўскі.

2. Вартаванне, абавязкі па ахове чаго‑н. Заступіць на варту. □ Набраў Іван цэлы жмут лучынак і пайшоў на варту. Якімовіч.

3. Месца, пункт вартавання; пост. Паставіць на варту.

•••

Ганаровая варта — воінскае падраздзяленне ці група асоб, выстраеныя для аддання пашаны (у гонар) каму‑н.

Быць (стаяць) на варце гл. быць.

Пасадзіць пад варту гл. пасадзіць.

Узяць пад варту гл. узяць.

ва́рта ​2, безас. у знач. вык.

1. з інф. Неабходна, трэба; мае сэнс; карысна. [Няслаўскі:] — Вам, малады чалавек, варта было адпачыць. Мурашка. Не варта абуджаць у сэрцы тое, што перагарэла, адышло і пакінула толькі пачуццё жалю аб незваротныя.. Дуброўскі.

2. каму. Па заслугах, так і трэба. Варта.. [Свеце], няхай не скача, што каза. Пташнікаў.

3. з інф. У саставе складаных сказаў абазначае ўмову хуткага з’яўлення наступных падзей. Варта, затаіўшыся, пастаяць адну хвілінку, каб адчуць, якім поўным жыццём жыве зімовая пушча. Краўчанка. Гэтаму.. вобразу маё ўяўленне надавала розныя формы і змест, варта было толькі затрымацца на іх.. даўжэй. Колас.

•••

Гэта нікуды не варта; куды гэта варта — вельмі кепска; непрыстойна.

вартава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. вартаваць (у 1 знач.).

вартава́цца, ‑туецца; незак.

Зал. да вартаваць.

вартава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., каго-што.

1. Ахоўваць, сцерагчы каго‑, што‑н. Вартаваць грамадскае дабро. □ Вартуй свой край з усіх старон; Шануй, як скарб любімы. Глебка.

2. Падсцерагаць, чакаць з’яўлення каго‑, чаго‑н. Павярні ты направа, К гэтай сіняй вярбе: Прытаілася ў травах, Смерць вартуе цябе. Бялевіч. Рыбак не спіць, рыбак не дрэмле, А ўсё вартуе зручны час. Колас.