Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

гаспада́рчы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да гаспадаркі (у 2 знач.), да эканомікі, вытворчай дзейнасці. Гаспадарчыя поспехі. Гаспадарчыя задачы. Гаспадарчае будаўніцтва. // Які вядзе гаспадарку якога‑н. прадпрыемства, установы і пад. Гаспадарчыя арганізацыі. Гаспадарчае ўпраўленне. Гаспадарчы узвод.

2. Звязаны з вядзеннем гаспадаркі (у 3, 4 знач.). Гаспадарчыя клопаты. // Які належыць да прылад дамашняй гаспадаркі, неабходны для яе вядзення. Гаспадарцы інвентар. Гаспадарчы магазін. Гаспадарчае мыла.

3. Заснаваны на правільным вядзенні гаспадаркі; даходны, рацыянальны. Гаспадарчы падыход да выкарыстання зямлі.

4. Уласцівы гаспадару (у 2 знач.); уважлівы, клапатлівы. Гаспадарчае вока.

•••

Гаспадарчы разлік гл. разлік.

гаспада́рык, ‑а, м.

Разм. Дробны гаспадар, дробны ўласнік.

гаспада́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.

1. Займацца гаспадаркай (у 3, 4 знач.), весці гаспадарку. Навучыцца гаспадарыць. □ Быў ясны дзень, калі Марына адна, як і заўсёды цяпер, гаспадарыла дома. Чорны.

2. Бесцырымонна распараджацца, рабіць што‑н. па-свойму. Банкіры не адмовіліся гаспадарыць у Галівудзе. Філімонаў.

гаспады́нін, ‑а.

Які належыць гаспадыні. Гаспадыніна хустка.

гаспады́ньскі, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які мае адносіны да гаспадыні, звязаны з работай гаспадыні. Гаспадыньская справа. □ Насцечка зусім страціла сваю ранейшую гаспадыньскую сталасць. Чорны.

гаспады́ньства, ‑а, н.

Разм. Дзейнасць, занятак гаспадыні. Беламу вясельнаму плаццю [Марыны] .. мала і замінаў фартух — сведчанне яе гаспадыньства. Шахавец.

гаспады́ня, ‑і, ж.

1. Жан. да гаспадар (у 1, 2, 3 і 4 знач.).

2. Разм. Жонка. А пасля настала хвіліна развітання, провадаў, нястрымных слёз гаспадыні і сарамлівых — гаспадара. Бярозкін.

•••

Хатняя гаспадыня — жанчына, якая не занята ў грамадскай вытворчасці, а вядзе хатнюю гаспадарку сваёй сям’і.

гаспо́да, ‑ы, ж.

Уст. Дом, жыллё гаспадара. Міхал злез з воза, кінуў вокам, У двор шыбуе мерным крокам, Ідзе, гасподу разглядае. Колас.

гаспо́дзь, го́спада, м.

Адна з назваў бога ў хрысціянскай рэлігіі.

•••

Госпадзі! (у знач. выкл.) — ужываецца для выражэння здзіўлення, нецярпення і пад.

Не дай гасподзь гл. даць.

гаспо́дні, ‑яя, ‑яе.

Які мае адносіны да госпада. З крыжам гасподнім Людзей прадавалі, З крыжам дзіцё На сабаку мянялі. Корбан.