раздурэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.
Разм.
1. Пачаць моцна дурэць. Дзеці вельмі раздурэлі.
2. Распусціцца, разленавацца. Раздурэў чалавек, нічога не робіць.
разду́тасць, ‑і, ж.
Уласцівасць і стан раздутага.
разду́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад раздуць.
2. у знач. прым. Разм. Павялічаны ў аб’ёме, уздуты. Зброі ў .. [Жэнькі] не было бачна, але Таццяна звярнула ўвагу на адтапыранае крысо кажуха і на раздутыя кішэні. Шамякін. Піліп — наш сусед, і ў яго сапраўды быў вол, шэры, худы, з раздутым, пераплеценым жыламі жыватом. Ваданосаў.
3. перан.; у знач. прым. Разм. Непамерна павялічаны, неапраўдана вялікі. — У нашым цэху празмерна раздутае сярэдняе звяно. Шыцік.
разду́цца, ‑дуюся, ‑дуешся, ‑дуецца; зак.
Тое, што і раздзьмуцца. Твар .. [Гаецкай], што хвіліну назад палаў, пабялеў, ноздры непрыгожа раздуліся. Шамякін.
разду́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; зак., што.
1. Тое, што і раздзьмуць.
2. Наўмысна павялічыць размеры або значэнне чаго‑н. Раздуць штаты. □ Гэтыя людзі выпадак з Раманюковай каўбасой і бочкай піва раздулі да легенды. Карпюк.
3. безас. Разм. Хваравіта павялічыць у аб’ёме, зрабіць уздутым. Жывот раздула.
разду́шаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад раздушыць.
разду́швацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да раздушыцца.
2. Зал. да раздушваць.
разду́шваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да раздушыць.
раздушы́цца, ‑душыцца.
Аказацца раздушаным. Ягады раздушыліся пад нагой.
раздушы́ць, ‑душу, ‑душыш, ‑душыць; зак., каго-што.
1. Сціснуўшы, націснуўшы, змяць, расплюшчыць. [Алесь], не аглядаючыся, пасунуўся ад нас, неяк усё націскаючы на правую нагу, нібы пад яе трапляла што і ён мусіць яго раздушыць, прыціснуць. Адамчык. Але вось бяда — як яго [вужынае яйка] несці, каб не раздушыць. Ваданосаў. // Націснуўшы, задушыць (пра насякомых). [Ціхан] ляпнуў сябе далоняй па шчацэ і раздушыў пчалу. Дуброўскі.
2. Прыціснуўшы чым‑н. цяжкім, душачы, забіць або скалечыць. Людзі, якія бачылі нашу сустрэчу, аж кінуліся да нас. Можа, баяліся, што я раздушу старую ў абдымках. Сабаленка. / у безас. ужыв. — Ну, аднаго чалавека засыпала зусім, але нічога, адкапалі мяккі пясок. Другому паламала рэбры, раздушыла грудзі. Дамашэвіч.